Гісторыя хрысціянскай дэмакратыі

08 красавіка 2011 15:36  |  Блог Анатоля Астапенкі

Апошнія прэзідэнцкія выбары былі адметныя не толькі беспрэцэндэнтнымі рэпрэсіямі іх удзельнікаў, а таксама і ўдзелам новых палітычных суб’ектаў. Хутчэй аднаго суб’екта, але досыць моцнага і нават здолеўшага вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Гаворка ідзе пра БХД – Беларускую хрысціянскую дэмакратыю. Што ж такое хрысціянская дэмакратыя наогул? 

 

Хрысціянская дэмакратыя ўпершыню зарадзілася ў каталіцкіх краінах. У энцыкліцы “Rerum Novarum” (1891) папа Леў ХІІІ (1878 – 1903), крытыкуючы лібералізм і сацыялізм, звяртае ўвагу на каталіцкія прафсаюзы, як эфектыўную форму самакіравання. У перыяд кіравання Льва ХІІІ Царква стварае мадэль сацыяльна-эканамічных адносінаў, узяўшы за аснову тэорыю Фамы Аквінскага. Адпраўным пунктам гэтай мадэлі было абгрунтаванне прыватнай уласнасці як адпаведнай устаноўленаму Богам “натуральнаму праву”. Характэрна, што сам тэрмін “хрысціянская дэмакратыя” ў гэтай канцыпцыі і наступных энцыкліках Папы разумелася як не маючая нічога агульнага з палітычнымі ідэямі, азначала талькі дабрачынную дзейнасць для народа.  Аднак не гледзячы на такія першапачатковыя ўстаноўкі Ватыкана,  хрысціянская дэмакратыя пачала  хутка развівацца менавіта як хрысціянска-дэмакратычны рух (Бельгія, Францыя, Герамнія, Італія). 

У канцы ХІХ ст. у Францыя шэраг сацыяльна актыўных каталіцкіх арганізацый аб’ядналіся і стварылі першую Хрысціянска-дэмакратычную партыю (1897).   Яшчэ раней, у 1852 г., была створана так званая партыя Цэнтра ў Германіі, якая стаяла на пазіцыях хрысціянскай дэмакратыі. Традыцыі Цэнтра ў Германіі працягваюць сучасныя партыі – Хрысціянска-дэмакратычны Саюз (ХДС) і  Хрысціянска-сацыяльны Саюз (ХСС).

У ХХ стагоддзі хрысціянскія дэмакраты сталі дзейнічаць далёка за межамі каталіцызма, іх ідэолагі падкрэслівалі, што яны абапіраюцца на культурныя каштоўнасці грамадства ў цэлым, а не толькі католікаў. 

Хрысціянскія дэмакраты добіліся ўнушальных вынікаў на першых пасляваенных выбарах у Заходняй Еўропе. Іх прынцыпы нашлі адлюстраванне ў канстытуцыях Францыі, Італіі і ФРГ, якія былі прынятыя ў 1946 – 1949 гадах. Хрысціянска-дэмакратычныя партыі дамінавалі ў Італіі і ФРГ да 1970-х і гралі важкую ролью ў іншых крінах. У 1980-я гады іх уплыў зноў узмацніўся дзякуючы ўнёску ў стварэнне Еврапейскага саюзу і ў сувязі з міжнароднай кансалідацыяй. У канцы 1980-х хрысціянскія дэмакраты сталі іграць значную ролю і ў краінах Усходняй Еўропы. Яны дасягнулі поспехаў на выбарах ва Усходняй Германіі, Славеніі, Венгрыі, Славакіі.
У 1961 быў заснаваны Сусветны хрысціянска-дэмакратычны саюз. У 1982 арганізацыя была перейменавана ў Інтернацыянал хрысціянскай дэмакратыі, а ў 1999 у Цэнтрысцкі дэмакратычны інтэрнацыянал, каб адлюстрваць усё большы ўдзел прадстаўнікоў розных рэлігій. На сёняшні дзень у інтэрнацыянал уваходзіць больш за 70 партый.

У Беларусі першая партыя хрысціянска-дэмакратычнага накірунку была створана досыць даўно. Гэтая падзея адбылася ў траўні 1917 г., калі ў Мінску намаганнямі групы каталіцкіх ксяндзоў была створана партыя Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць. У праграме партыі была адзначана неабходнасць увядзення беларускай мовы ў касцёльнае набажэнства, а ў плане больш шырокіх палітычыных патрабаванняў была прынятая рэзалюцыя аб шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай імперыі. З 1919 г. БХДЗ дзейнічае ў Вільні і знаходзіць там новы імпульс развіцця, дзякуючы намаганням выдатнага беларускага рэлігійнага і нацыянальнага дзеяча ксяндза Адама Станкевіча. 

Вось галоўныя задачы, што ставіліся тады перад хрысціянскай дэмакратыя. Гэта:
 а) праца галоўным чынам ў асяроддзі сялян, 
б) пашырэнне сваіх ўплываў на праваслаўнае насельніцтва, 
в) важнасць нацыянальных спраў. 
Пункт “а” фактычна азначаў толькі канстатацыю каштоўнаснай арыентацыі сялянства заходніх абласцей Беларусі на касцёл. 

Пункт “б” адлюстроўваў спрадвечную мару касцёла на панаванне ўва ўсім свеце і мала прыдатны для канструктыўных палітычных спраў. 

А вось трэці пункт, які вылучаў неабходнасць нацыянальнага адраджэння беларусаў у якасці адной з галоўных задач хрысціянскай дэмакратыі – гэта самая адметная рыса менавіта беларускіх хэдэкаў. У гэтай асаблівасці адлюстравана таксама розніца беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў ад заходніх, дзе пытанні нацыянальнага адраджэння ніколі не стаялі.      

У артыкулах А.Станкевіча мы знаходзім абгрунтаванне неабходнасці кіравання хрысціянствам беларускага нацыянальнага руху. Ён піша: 

“Якая ж у гэтым сучасным беларускім нацыянальным руху роль хрысьціянства? Вось жа вобак з іншымі кірункамі й дзейнікамі гэтага руху разьвіваецца й дзеіць так жа й кірунак хрысьціянскі й імкнецца да таго ж агульна беларускага нацыянальнага ідэалу. А нават можна сказаць, што гэты хрысьціянскі кірунак у сучасным беларускім нацыянальным жыцьці часта й перавышае кірункі іншыя. Нехрысьціянскія кірункі ў беларускім жыцьці часта ломяцца, рвуцца, паўстаюць і ўпадаюць, а то й сусім заміраюць, не пакідаючы па сабе паважнага сьледу, ня творачы традыцыі й мала або і сусім не прычыняючыся да большай кансалідацыі й умацаваньня беларускай нацыянальнасьці. Хрысьціянскі кірунак, як паказвае гісторыя і сучаснасьць, працуе звычайна стала, больш вытрывала, цягла”. 

Нацыянальная ідэя і хрысціянстава у Адама Станкевіча звязваюцца ў вельмі шчыльную повязь. Мы сустракаем у яго думкі вельмі блізкія да галоўных, вуглавых ідэй, выкладзеных у творах знакамітых рускіх хрысціянскіх філосафаў М.Бярдзяева, У. Салаўёва, І.Ільіна і інш. Аднак ягоная канцэпцыя адметная сваім беларускім зместам. Беларускі ксёнз рупіцца за доступ хрысціянскага светапогляду да беларускага народа: 

“Беларускае сучаснае хрысціянства мае такім чынам вялікае, гістарычнае заданне – асвабадзіць хрысціянства, даць яму натуральны доступ да беларускага народу, асвабадзіць душу беларуса ад фікцыі хрысціянскай: ад “польскай” і “рускай” веры, мае заданне абараніць душу беларускага народу і абараніць цэласць і адзінства беларускай нацыі”. “Хрысціянства дае народам маральную магчымасць развівацца нацыянальна і будаваць іх нацыянальную самастойнасць, а з другога боку, ганячы усякі нездаровы эгаізм, яно ганіць скрайні нацыяналізм і гэтым самым аблягчае народам іх узаемнае супрацоўніцтва”.   

Вельмі слушна сказана: “польская” і “руская” веры – гэта фікцыі хрысціянскія. Ёсць адзіная беларуская нацыя, якая асвечана хрысціянствам. Хрыстос любіць Беларусь, любіць аднолькава і каталікоў, і праваслаўных. 

Вось такія ідэі былі падмуркам беларускай хрысціянскай дэмакратыі 20-х гадоў ХХст., што дзейнічала ў Заходняй Беларусі. Праграмныя палажэнні БХДЗ – гэта фактычны ідэі нацыянальнай партыі, і ў некаторай ступені яны былі паўтораныя БНП ў 1994 годзе. 

У 1926 годзе БХДЗ на ўстаноўчым з’ездзе была перайменавана ў Беларускую хрысціянскую дэмакратыю. Галоўнай мэтай БХД стала абвяшчэнне незалежнасці беларускага народа. Ідэалогія БХД абапіралася на хрысьціянскую сутнасць беларускага народнага характару: 

“Беларускі народ – гэта хрысьціянскі народ, і Хрыстус сярод нашага народу меў, мае і будзе мець шмат сваіх вызнаўцаў, якія пойдуць за сваім Божым Вучыцелем у агонь і ваду. Рэлігійнасьць беларускага народа глыбокая, вольная ад прымешкі палітыкі”. 

На гэтым сцверджанні будавалася дзейнасць партыі, яе характар, яе адносіны да любых праяваў рэлігійна-грамадзянскага і сацыяльна-палітычнага жыцьця. Хрысціянская вера, хрысціянская этыка для БХД – найвышэйшы ідэал, які мае асоба і грамадзянства.

 

У 1936 г. БХД пераўтварылася ў Беларускае Народнае Аб’яднанне (БНА). Зняўшы з назвы партыі слова “хрысціянская”, ідэолагі партыі імкнуліся выйсці на шырокія народныя масы, пазбавіцца ад апекі касцёлу, пашырыць свой уплыў на тыя пласты грамадства, якія вызнавалі праваслаўе альбо наогул былі атэістамі. Заставаліся, аднак, ранейшыя прынцыпы касцёлу – такія, як прынцып карпаратыўнасці, ідэя салідарнасці розных пластоў грамадства і галоўнае – развіццё нацыянальнай  культуры.   

Дзейнасць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі даваеннага перыяду адбывалася ў Заходняй Беларусі і звязана з імёнамі выдатных дзеячаў беларускага нацыянальнагу руху, такіх як Фабіян Абранатовіч, Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Кастусь Стаповіч, Браніслаў Туронак, Ян Пазьняк і іншых. 

Новы этап развіцця беларускай ХД звязаны з уступленнем Беларусі ў новую посткамуністычную эпоху, што пачалася з канца 80-х – пачатку 90- х гадоў ХХ стагоддзя.                                                                                         

1 чэрвеня 1991 г. адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ) (Пятро Сілка, Міхась Арэшкаў, Людміла Пеціна, Фелікс Янушкевіч, Ірына Багдановіч). Актывісты БХДЗ даволі цьмяна ўяўлялі сабе сутнасць хрысціянкай дэмакратыі як сваіх беларускіх папярэднікаў 30-х гадоў, так і заходніх хрысціянска-дэмакратычных партый, якія ў шэрагу краін  былі вядучымі палітычнымі чыннікамі.  Аднак галоўная задача таго перыяду – умацаванне і развіццё незалежнай беларускай дзяржавы на дэмакратычных прынцыпах – перад партыяй стаяла давалі выразна. Мэтай БХДЗ стала “духоўна-маральнае, палітычнае і эканамічнае адраджэнне Беларусі, як прававой, дэмакратычныай, самастойнай і суверэннай краіны”. Але гэтая мэта стаяла фактычна перад усімі дэмакратычнымі партыямі таго часу. БХДЗ упершыню за змрочныя гады бязбожнай савецкай улады загаварыла мовай хрысціянства: 

“Хрысціянска-Дэмакратычны Саюз Беларусі выступае за ўсталяванне асноўных каштоўнасцей хрысціянскай культуры: братэрскай любві, міласэрнасці, свабоды і адзінства ўсіх людзей”.    

Новыя рэаліі ўздыму нацыянальнай сведамасці, дэмакратычных мрояў аб свабодзе і правах чалавека і, нарэшце, бурны рост рэлігійных канфесій самых розных накірункаў – у тым ліку галоўных хрысціянскіх цэркваў у Беларусі – сталі глебай усталявання ў БХДЗ свайго погляду на сутнасць хрысціянскай дэмкаратыі. Квінтысэнцыя гэтага адлюстравалася ў слове “Злучнасць”, што стаяла ў назве партыі. Яно азначала злучнасць, яднанне асноўных хрысціянскіх канфесій, існуючых на Беларусі – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і новай, але моднай у пачатку 90-х – уніяцкай канфесіі. Таму колькасць абраных сустршыняў БХДЗ раўнялася дакладна лічбе 4: праваслаўная – М.Арэшкаў, каталіцкая – Ф.Янушкевіч, пратэстанцкая – Э.Сабіла, уніяцкая – Л.Пеціна). Сустаршынёй-каардынатарам стаў Пятро Сілка.       

Трэба адзначыць, што хоць сустаршыні быццам бы і прадстаўлялі розныя канфесіі, на самой справе ніякіх зносін з сапраўдным царкоўным інстытутам сваёй канфесіі не мелі. (Хіба што пастар Эрнст Сабіла меў сваю ўласную маленькую беларускамоўную суполку, якая месцілася ў яго ўласнай кватэры на Паўднёвым Захадзе г. Мінска). У гэтым было самае істотнае адрозненне новых хрысціянскіх дэмакратаў ад іх папярэднікаў часоў Станкевіча і Гадлеўскага, якія выраслі з нетраў самаго Касцёла. У гэтым аказалася іх  слабасць, а пазней  і не прыдатнасць да жыцця ў новых палітычных рэаліях.   

З важных дасягненняў БХДЗ стаў выпуск у лютым 1991 г. газеты “Беларуская крыніца”, якую рэдакцыя абвясціла адноўленай газетай сваіх папярэднікаў-хэдэкаў, што выдавалася ў 30-я гады ХХ ст. ў Заходняй Беларусі. Выдаўцом газеты стаў Пётр Сілка, а нязменным рэдактарам – вядомы журналіст Алесь Траяноўскі, які на працягу ўсяго часу існавання “БК” сумленна выконваў сваю працу на грамадскіх пачатках. Мець сваю газету было ў той час вялікай справай. Толькі дзве партыі напачатку 90-х мелі свае партыйныя газеты – БНФ і БХДЗ. 

Партыя беларускіх хэдэкаў БХДЗ у 1993 годзе перажыла раскол. Гэта адбылося па  прычыне нежадання зліцця з БНФ у адзіную структуру, нежадання хадзіць “пад Зянонам”.  У выніку з’явілася яшчэ адна хрысціянска-дэмакратычная партыя – “фронтаўская”, якую ўзначалілі Юры Хадыка (ён жа намеснік старшыні БНФ), Людміла Пеціна, Фелікс Янушкевіч. А старшынёй быў абраны доктар філасофскіх навук, прафесар Мікалай Крукоўскі. Гэты крок быў вымушаны, але драбленне партый ужо стала рэальнасцю, пачалася агонія нованароджанай беларускай хрысціянскай дэмакратыі… 

Да перарэгістрацыі 1998 года афіцыйна існавалі наступныя хрысціянска-дэмакратычныя партыі: БХДЗ (Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць), ХДВ (Хрысціянска-дэмакратычны Выбар (ХДВ), Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХДП). Усе гэтыя партыя зніклі, як знік і ўвесь рамантычны парыў тых незабыўных 90-х гадоў, часу беларускага адраджэння…

Новае пакаленне маладых нацыянальна свядомых людзей (Павел Севярынец, Віталь Рэмашэўскі і інш), што прышлі ў палітыку ўжо ў новым стагоддзі, па-новаму пераасэнсавалі хрысціянскую дэмакратыю як палітычны прынцып. Як іх папярэднікі пачатку 90-х гадоў ХХ ст., новыя лідэры хрысціянскай дэмакратыі пачатку ХХІ стагоддзя імкнуліся сабраць у свае шэрагі прадстаўнікоў розных канфесій, але галоўнай задачай яны паставілі практычную працу па рэалізацыі хрысціянскіх прынцыпаў у нашым посткамуністычным, бязбожным грамадстве. 

Быў створаны аргкамітэт новай партыі – “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД), сябры якога на працягу некалькіх гадоў дамагаюцца дзяржаўнай рэгістрацыі, неабходнай для легітымнасці арганізацыі, але амаль недасягальнай ва ўмовах рэжыму  А.Р.Лукашэнкі. Хаця фактычна партыя існуе. 

Ва ўводзінах да праграмы БХД сказана: 

“Сёньня, на пачатку ІІІ тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыста, Беларусь востра патрабуе палітычнай сілы, дзейнасьць якой заснаваная на падмурку хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, дэмакратычных прынцыпаў і беларускага патрыятызму. Такой новай сілай павінна стаць партыя “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” (БХД). …

Партыя “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” (БХД) ажыцьцяўляе дактрыну сучаснай хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі. Яна адстойвае правы і свабоды чалавека, стаіць на пазыцыі неґвалтоўнага вырашэньня грамадзкіх праблемаў, адраджэньня нацыянальнай свядомасьці, змагаецца за незалежнасьць Беларускай дзяржавы. Хрысьціянская дэмакратыя для нас – гэта прыўнясеньне хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцяў у палітыку на ўсіх яе ўзроўнях”. 

Унесці хрысціянскую мараль у палітыку, пабудаваць палітычныя зносіны паміж рознымі людскімі супольнасцямі і, ўрэшце, краінамі на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей – гэта ўзнёслая, высокародная задача. Але як далёка яшчэ нам да гэтага! На фоне росту злачыннасці і наркаманіі, пашыранага п’янства, дэградацыі вёскі, катастрафічнага падзення духоўнасці ў грамадстве гэты прынцып выглядае як далёкая ўтопія.  

Тым не менш, сябры аргкамітэта БХД здолелі правесці шмат цікавых акцый, маючых несумненную важнасць для нашага грамадства. Так, у 2007 г. лідэры Аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” звярнуліся да уладаў  з адкрытым зваротам супраць рэкламы магіі, акультызму, “майстроў Таро” ў беларускіх сродках масавай інфармацыі. Зварот быў накіраваны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, у Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, у Камітэт дзяржаўнай бяспекі РБ, у Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі Белтэлерадыёкампанію і рэдакцыю газеты “СБ-Беларусь Сегодня”, распаўсюджаны ў сродках масавай інфармацыі.  Гэтая дзейнасць хрысціянскіх дэмакратаў нечакана дала плён. 17 чэрвеня 2008 г. на паседжанні Палаты прадстаўнікоў былі ўнесеныя папраўкі ў закон аб рэкламе, згодна з якімі дзяржавай забаранялася рэклама акультызму ў СМІ. 

БХД створана як партыя і мае ўсе неабходныя для гэтага атрыбуты: неабходную колькасць сяброў, дзеючыя структуры ў рэгіёнах, статут, праграму і іншае. Аднак па вядомых прычынах БХД да гэтага часу не зарэгітстравана Мін’юстам і дзейнічае як аргкамітэт. Тым не менш, адмова ў рэгістрацыі не азначае, што такой з’явы ў беларускай палітыцы, як БХД, не існуе. Яна ёсць і актыўна дзейнічае, рана ці позна рэгістрацыя адбудзецца, бо як сказаў прызнаны лідэр БХД Павал Севярынец: “Мы прышлі надоўга і мы будзем!”

Болей навін