Прадстаўнікі грамадзкасьці выступілі супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі

11 красавіка 2011 15:49  |  Палітыка

Прадстаўнікі шэрагу партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі і краін замежжа, а таксама простыя грамадзяне, усхваляваныя намерам пабудаваць у Беларусі АЭС, зьвярнуліся да кіраўніцтва Беларусі і Расеі з нагоды падпісаньня “міжурадавага пагадненьня аб будаўніцтве беларускай АЭС, што адбылося 15 сакавіка на пасяджэньні Рады Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Менску падчас страшных радыяцыйных аварый у Японіі, і менавіта тады, калі прагрэсіўны сьвет пачаў заяўляць аб адмове ад ядзернай энэргетыкі”.

“Мы расцэньваем гэта пагадненьне, як і спадарожныя камэнтары Уладзіміра Пуціна і Міхаіла Міхадзюка, якія прагучалі ў прэсе, як вельмі безадказныя дзеяньні, якія выказваюць абыякавасьць да меркаваньня і лёсаў грамадзян не толькі сваіх, але і суседніх краін, як выклік ўсёй сусьветнай супольнасьці”, – гаворыцца ў заяве.

На думку аўтараў пэтыцыі, “гэта пагадненьне і наступныя запэўненьні прадстаўнікоў дзяржкарпарацыі «Расатам» выказваюць недазваляльна легкадумнае стаўленьне да самой праблемнай і небяспечнай сферы чалавечай дзейнасьці, якой зьяўляецца сёньня ядзерная энэргетыка. Урады Расеі і Беларусі прапануюць нам заплюшчыць вочы і проста паверыць у тое, што расейская АЭС будзе надзейней за японскую. Надзейнасьць вызначаецца магчымасьцю прадугледзець і ўзяць пад кантроль любую небясьпечную сытуацыю. Але ні беларускі, ні расейскі бок сёньня ня ў стане забясьпечыць бясьпеку беларускай АЭС. Пра гэта кажа Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) беларускай АЭС, якой далі рэзкую нэгатыўную ацэнку Грамадзкая экспэртная камісія з 15 навукоўцаў і экспэртаў зь Беларусі, Расеі і Украіны, а таксама Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы і аўстрыйскія спэцыялісты. У АУНА беларускай АЭС не разглядаецца і палову ўсіх магчымых сцэнараў і падзей, якія могуць адбыцца на АЭС!”

“Мы не хацелі б тут прыводзіць параўнаньне ўзроўню тэхналягічнага разьвіцьця Японіі, Расеі і Беларусі, так як цалкам відавочна, што гэта параўнаньне – не на карысьць нашых краін. Мы бачым, з чым цяпер прыходзіцца сутыкацца народу Японіі, і што з Чарнобыльскай катастрофы не вынесены належныя ўрокі. Мы ня хочам паўтарыць лёсу эвакуюемых японцаў, і мы не хочам паўтарэньня Чарнобыльскай аварыі на беларускай зямлі. Мы патрабуем ад нашых урадаў і прэзыдэнтаў спыніць рэалізацыю праекта беларускай АЭС, а зэканомленыя сродкі накіраваць на энергазьберажэньне і больш эфэктыўнае спажываньне энэргіі, на разьвіцьцё экалягічна бясьпечнай энэргетыкі з аднаўляльных крыніц!”, – падкрэсьлілі ініцыятары звароту.

 

З поўным тэкстам пэтыцыі можна азнаёміцца тут

Болей навін