Дэмакратычныя сілы вызначылі ўмовы ўдзелу ў выбарах

11.04.2011, 16:09  |  Навіны » Палітыка

11 красавіка Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычнай апазыцыі Беларусі прыняла заяву, у якой акрэсьліла ўмовы, пры якіхмагчымы ўдзел прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбарчых кампаніях. У выпадку невыкананьня гэтых патрабаваньняў, апазыцыя пакінула за сабой права байкоту "любых выбарчых кампаній".

 

Заява

 

Нацыянальнай каардынацыйнай рады дэмакратычнай апазыцыі Беларусі


Пра ўмовы ўдзелу дэмакратычных сілаў Беларусі ў выбарчых кампаніях

 

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, выказваючы волю беларускага народу да незалежнасьці, свабоды і вяршэнства права, канстатуем наступнае:

  • Прэзыдэнцкія выбары ў 2010 годзе прайшлі з шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, узровень якіх дае падставы канстатаваць, што цяперашні ўладны рэжым не прадстаўляе большасьці беларускага народу. Улада, сфармаваная ў выніку гэтак званых выбараў, не зьяўляецца легітымнай.
  • Татальныя рэпрэсіі, пачатыя 19 сьнежня, нясуць пагрозу грамадзтву і самому існаваньню Беларусі як незалежнай дзяржавы.
  • Цяперашні рэжым, загнаўшы сябе ў эканамічны і геапалітычны тупік, зрабіў закладнікам сваёй безадказнай палітыкі ўсё грамадзтва і краіну.

Мы патрабуем, каб народу Беларусі было вернута права фармаваць уладу ў сваёй краіне праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары.

 

Гэта стане магчымым толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, спыненьня перасьледу і рэпрэсій, забеспячэньня канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду слова, сходаў і асацыяцый, ўнясеньня істотных зьменаў у заканадаўства і практыку правядзеньня выбараў.

 

Пакуль гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, дэмакратычная апазыцыя Беларусі пакідае за сабой права праводзіць кампанію байкоту любых выбарчых кампаній.

Навіны па тэме