У Маладзечне дэмантавалі камень «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі»

13 красавіка 2011 11:03  |  Навіны

А 22-й гадзіне 12 красавіка ў Маладзечне быў дэмантаваны мэмарыяльны камень «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі». Яго ўсталявалі на Цэнтральнай плошчы пры першым мэры Маладзечна Генадзю Карпенку. 

 

Пра гэта паведаміў Валянцін Цішко, кіраўнік мясцовай суполкі моладзі БНФ, які разам зь сябрамі якраз у гэты час праходзіў паўз сквер, дзе разьмяшчаўся камень. Паводле яго словаў, літаральна за дзесяць хвілінаў камень пагрузілі на машыну. Рабочыя сказалі, што ў іх нібыта ёсьць загад адвезьці камень з плошчы ў парк Перамогі, але абсалютна невядома на які час, і дзе ён там будзе ўсталаяваны. Валяніцін Цішко лічыць, што гэтую апэрацыю ўлады адмыслова правялі ўначы, каб не было супраціву грамадзтва. 

 

Сёлета ў Маладзечне пройдуць «Дажынкі». У задумку рэканструкцыі Цэнтральнай плошчы памятны камень «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі» не ўпісаўся. 

 

6 красавіка споўнілася 12 гадоў, як пайшоў з жыцьця знакаміты палітык Генадзь Дзьмітрыевіч Карпенка, які ў свой час быў мэрам Маладзечна. Менавіта яго намаганьнямі ў Маладзечне быў усталяваны гэты ўнікальны помнік – валун з надпісам «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі» і крыжам Еўфрасіньні Полацкай. Напачатку на ім быў яшчэ бел-чырвона-белы сьцяжок, які потым прыбралі. На адкрыцьці помніка адбыўся першы ў гісторыі Беларусі сумесны малебен праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага сьвятароў – такім чынам помнік быў асьвечаны.

 

Помнік месьціўся ў самым цэнтры горада, і менавіта ля яго традыцыйна праводзілі свае акцыі мясцовыя дэмакратычныя актывісты і да яго абавязкова ўскладалі кветкі мясцовыя маладажоны, не зважаючы на суседа-Леніна, які да апошняга вечара ўжо больш за 20 гадоў вымушаны быў глядзець на ідэалагічна супрацльлеглы помнік са свайго гранітнага пастаменту. Зараз гэта традыцыя будзе парушаная, бо аблічча горада радыкальна змяняецца перад «Дажынкамі», а помнік-валун «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» не адпавядаў ня толькі архітэктурнай, але і ідэалагічнай канцэпцыі сьвята.

 

Паводле інфармацыі Радыё “Свабода”  і ПЦ “Вясна”

Болей навін