Будуць судзіць адразу сем удзельнікаў Плошчы

14 красавіка 2011 16:06  |  Навіны

У суд Ленінскага раёну Менску перададзеныя аб’яднаныя крымінальныя справы абвінавачваных у масавых беспарадках кандыдатаў у прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса, Мікалая Статкевіча, удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбко і Змітра Буланава. Працэс пройдзе ў самы бліжэйшы час. Таксама пракуратура Менска накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальную справу Зьмітра Бандарэнкі.

 

Дакладныя даты судоў пакуль не прызначаная, аднак вядома, што судовы працэс 7 абвінавачаных ў Ленінскім судзе будзе весьці Людміла Грачова.

У Менскі гарадзкі суд крымінальную справу ў дачыненьні да Зьмітра Бандарэнкі, які быў даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава, накіравала Пракуратура Менска, каб вызначыць, дзе канкрэтна яго будуць судзіць. 

 

“У Менгарсуд для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці накіравана крымінальная справа ў дачыненьні да З. Бандарэнкі, які абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу”, — паведаміў агенцтву Інтэрфакс старшы памочнік пракурора Менску Сяргей Балашоў.

Як раней паведамлялася, 13 красавіка ў Менгарсуд таксама для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці была накіраваная крымінальная справа ў дачыненьні да сустаршыні аргкамітэту БХД, кіраўніка штаба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, якую чамусьці аб’ядналі са справай жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты  Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп і даверанай асобы экс-кандыдата Мікалая Статкевіча Сяргея Марцалева. Усіх траіх вінавацяць па частцы 1, арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.

 

Мера стрыманьня для ўсіх абвінавачаных пакінутыя пакінутая ранейшая.

Болей навін