Справу Рымашэўскага накіравалі ў Менскі гарадскі суд, Севярынца будуць судзіць ў Заводскім

15 красавіка 2011 20:12  |  Навіны

Пракуратура накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальныя справы ў дачыненьні да сустаршыні БХД, экс-кандыдата у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, а таксама экс-кандыдатаў Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева ды яшчэ больш чым дзесяці абвінавачаных па справах Плошчы-2010. А справу другога сустаршыні БХД Паўла Севярынца, аб’яднаную са справай Ірыны Халіп і Сяргея Марцалева, ужо перадалі з гарадзкога суду ў Заводзкі раённы суд Менску. 

“У Менгарсуд для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці накіраваны справы ў дачыненьні да экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Саньнікава, Някляева і Рымашэўскага”, – паведаміў агенцтву “Интерфакс-Запад” у пятніцу старэйшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.

Прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што ў Менгарсуд для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці накіраваная справа ў дачыненьні да экс-кандыдатаў У. Някляева і В. Рымашэўскага, абвінавачаных па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны удзел у іх). 

Максымальнае пакараньне паводле дадзенага артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі да 3 гадоў. Разам з экс-кандыдатамі па гэтай крымінальнай справе праходзяць кіраўнік перадвыбарчага штаба У. Някляева Андрэй Дзьмітрыеў, актывісты штабу Аляксандар Фядута і Сяргей Вазьняк, а таксама актывістка зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка.

Старэйшы памочнік пракурора праінфармаваў, што ў дачыненьні да экс-кандыдата А. Саньнікава ў суд накіравана крымінальная справа па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Адказнасьць за гэтае правапарушэньне прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

С. Балашоў таксама удакладніў, што паводле адной крымінальнай справе разам з А. Саньнікавым праходзіць Васілевіч І.Л., Гнедчык О.А., Мірзаянаў Ф.Р., Яроменка В.М., якім таксама выстаўлена абвінавачаньне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

Прадстаўнік пракуратуры Менску таксама праінфармаваў, што ў суд накіравана крымінальная справа ў дачыненьні да Вінаградава П.Ю., Дразда Д.М., Кіркевіча А.Р., Пратасені А.М., Хамічэнкі В.М., якія абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Акрамя таго, Вінаградаву выстаўлена абвінавачаньне па арт. 370 КК (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў). Удзел у масавых беспарадках прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў, максымальнае пакараньне за зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да 1 году.

А справы сустаршыні аргкамітэту БХД Паўла Севярынца, жонкі Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп і кіраўніка штабу Міколы Статкевіча Сяргея Марцалева сёньня перададзеныя з гарадзкога суду ў Заводзкі раённы суд Менску.  «Калі пачнецца працэс і прозьвішча судзьдзі паведамяць не раней за панядзелак 18 красавіка», — сказалі сваякі Ірыны Халіп. 

Павал Севярынец, Ірына Халіп і Сяргей Марцалеў таксама абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 КК  у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле і іх. Абвінавачаным пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Павал Севярынец і Сяргей Марцалеў з 19 сьнежня ў СІЗА КДБ, а Ірына Халіп болей за два месяцы ўтрымліваецца пад хатнім арыштам. 

Болей навін