Беларускі мэталюргічны завод

19.04.2011, 11:04  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

Бэ-эМ-Зэ – жалезны доказ беларускае магутнасьці.

 

БМЗ – найбуйнейшы ў Эўропе камбінат па вытворчасьці мэталякорду. Высокатэхналягічны гігант чорнае мэталюргіі, гонар сучаснае Беларусі, прадукцыю якога закупаюць вядучыя сусьветныя вытворцы.

 

У абрэвіятуры “БМЗ” зьмяшчаецца цэлы горад Жлобін, 15 тысячаў працуючых і 600 млн. даляраў экспарту. Замежныя зоркі сьмела прыяжджаюць сюды даваць канцэрты – беларускія мэталюргі могуць дазволіць сабе квіткі па сусьветных коштах. Статус падкрэсьліваецца нават у назве “БМЗ”: завод ня “Жлобінскі”, а Беларускі.

 

БМЗ выплаўляе для сёньняшняй Беларусі той самы мэтал, які даў пачатак капіталізму: менавіта кавальства калісьці падарвала натуральную гаспадарку, прывяло да тавараабмену, а чаканка манэты, выраб зброі й вытворчасьць машынаў забясьпечылі трыюмф бліскучай і цяжкай індустрыяльнай цывілізацыі.

 

Для краіны, якая вырабляе 200-тонныя грузавікі, трактары, аўтацягнікі, лесавозы, станкі ды кормаўборачныя камбайны, БМЗ – фундамэнтальная база. Больш таго, сталь у зьлітках, кручаны дрот і пруткі зь легіраванае й вугляродзістае сталі у БМЗ купляюць практычна ўсе сусьветныя эканамічныя лідэры: ЗША, Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя, Карэя, Італія, Тайвань, Нідэрлянды, Ізраіль, Швэдзія (чытай: “БМВ”, “Фальксваген”, “Крайсьлер”, “Вольва”...).

 

Беларускія сталёвыя нэрвы, вырабленыя на БМЗ, працінаюць нават канструкцыі амэрыканскіх спэйс-шатлаў і балідаў “Формулы-1”.

 

Увогуле, выплаўка сталі й пракату – справа цяжкая, дарагая й чорная. Але Беларусь можа справіцца і з чорнай мэталюргіяй. БМЗ працуе на мэталаломе з паловы былога СССР: так Беларусь пераплаўляе колішняе грандыёзнае мілітарысцкае жалезьзе Савецкага Саюзу ў звышсучасны мірны прадукт.

 

Беларускія кавалі яшчэ 1000 гадоў таму гартавалі мячы ды аралы для Полацку, рыцарскія збройнікі часоў Вітаўта выкоўвалі латы для пагоняў, людвісары ВКЛ выраблялі гарматы (гэта яны стварылі знакамітую Цар-пушку для Крамля), а канвісары адлівалі званы для беларускіх храмаў. Так што Беларусь гучыць натуралёва і з мэталям у голасе: запытайце ў нашых нефармалаў-мэталістаў, замерце колькасьць жалеза ў  беларускіх грунтовых водах або паглядзіце тэлефонны даведнік на прозьвішча “Кавалёў”!

 

Беларусь бліскучая, звонкая, сталёвая, аж да цяжкага набатнага гулу – вось што такое Беларускі Мэталюргічны Завод.

Навіны па тэме