У Менску 26 красавіка забаранілі шэсьце "Чарнобыльскі шлях"

19.04.2011, 14:37  |  Галоўныя навіны, Навіны, Палітыка, Грамадства

Заяўнікі менскага “Чарнобыльскага шляху” да 25-й гадавіны аварыі на ЧАЭС атрымалі сёньня ад Менгарвыканкаму адмову ў правядзеньні 26 красавіка шэсьця ад Акадэміі Навук да Чарнобыльскай капліцы насупраць парку Дружбы народаў ля плошчы Бангалор. Менгарвыканкам дазволіў толькі мітынг з 18-00 да 20-00.


Як распавёў прэс-службе БХД адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі, сёньня ён і іншыя заяўнікі "Чарнобыльскага шляху" Юрась Хадыка і Мікалай Пахабаў былі запрошаны на паседжаньне Менгарвыканкаму. Там прысутнічалі таксама прадстаўнікі гарадзкой міліцыі і пракуратуры.


"Нам было паведамлена, што ў тым фармаце, у якім мы заяўлялі, акцыя немагчымая, бо парушае закон аб масавых мерапрыемствах, паводле якога нельга зьбірацца менш чым за 200 м ад станцыяў метро. Але я быў заяўнікам акцыі і ў 2010 годзе, і тады мы, таксама зьбіраючыся на Акадэміі Навук, чамусьці нічога не парушалі," - зазначыў Дзяніс Садоўскі.


На пытаньне Садоўскага, чаму ў мінулым годзе збор "Чарнобыльскага шляху" ля ўваходу ў Акадэмію Навук быў дазволены, а зараз супярэчыць закону, у Менгарвыканкаме фактычна патлумачыць не змаглі: "Маўляў, раней было такое рашэньне, цяпер гэткае. Зараз адбыўся тэракт, але пра тэракт у законе нічога не сказана. Відавочна, гэта палітычная адмова," - заявіў Дзяніс Садоўскі ў інтэрвію прэс-службе БХД.


Садоўскі таксама распавёў, што заўтра ў 16-00 заяўнікі пойдуць у менскі гараддзел міліцыі, дзе абмяркуюць паводзіны супрацоўнікаў міліцы на акцыі, магчымасьць выкарыстоўваць сымболіку і апаратуру, а самае галоўнае, перанос акцыі з парку Дружбы народаў да Чарнобыльскай капліцы і памятага камяня “Ахвярам катастрофы”.  

 

Затым у 17-00 заўтра адбудзецца паседжаньне аргкамітэту акцыі "Чарнобыльскі шлях", дзе будзе прынятае канчатковае рашэньне пра фармат мерапрыемства. 

Навіны па тэме