Віталя Рымашэўскага будуць судзіць у Фрунзенскім судзе Менска

19 красавіка 2011 19:12  |  Навіны

19 красавіка сустаршыня аргкамітэту БХД, экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі атрымаў з Фрунзенскага суду Менску паведамленьне, што менавіта там будзе разглядацца ягоная справа. У тым жа Фрунзенскім судзе пройдзе працэс і над намесніцай старшыні “Маладога фронту” Настай Палажанкай, іншым былым кандыдатам у прэзыдэнты Уладзімерам Някляевым, а таксама Андрэем Дзьмітрыевым, Аляксандрам Фядутам ды іншымі абвінавачанымі, зь якімі аб’ядналі справу Рымашэўскага. 

 

Ці адаб’ецца неяк на працэсе тэракт у мэтро? Віталь Рымашэўскі гэтага не выключае:

«Папярэдне, мяркую па выказваньнях прадстаўнікоў улады, адаб’юцца нэгатыўна. А чаго я чакаю ад працэсу? Улічваючы тыя падзеі, якія адбываліся ў краіне за мінулыя паўгода, чакаць можна чаго заўгодна, і таму асабіста я прагнозаў не раблю. Проста я выказваю падзяку ўсім людзям, якія падтрымлівалі і выказвалі салідарнасьць. Унутры Беларусі і за яе межамі. І вельмі ўсьцешаны, што, нягледзячы на здрадлівыя паводзіны некаторых палітыкаў, большасьць паводзілі сябе прыстойна і баранілі адзін аднаго. Насамрэч, мяркую, у гэтым шанец усіх абвінавачаных». 

 

Віталь Рымашэўскі не выключае, што працэсы па справах 19 сьнежня будуць прызначаныя ў адзін дзень, каб не расьцягваць надоўга суды над кандыдатамі ў прэзыдэнты ды іншымі актывістамі. 

 

Таксама стала вядома, што ў Партызанскім судзе Менску будуць разглядаць справу яшчэ аднаго былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, аб’яднаную разам са справай сябра аргкамітэту БХД, актывіста “Маладога Фронту” Уладзіміра Яроменка і іншых абвінавачаных актывістаў.

 

Яшчэ на мінулым тыдні стала вядома, што справу другога сустаршыні БХД Паўла Севярынца, аб’яднаную са справай Ірыны Халіп і Сяргея Марцалева, перадалі з гарадзкога суду ў Заводзкі раённы суд Менску. 

Канктрэтныя даты судоў яшчэ невядомыя, паводле заканадаўства дату мусяць паведаміць цягам двух тыдняў пасля накіраваньня ў суд матэрыялаў справы. 

Але стала вядома, што на 27 красавіка прызначаны суд над іншай пяцёркай удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня. Судзьдзя Кастрычніцкага суду Менску Ала Булаш разгледзіць крымінальныя справы Ўладзіміра Хамічэнкі, Дзьмітрыя Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені і Паўла Вінаградава.

 

Першыя чатыры абвінавачваюцца ў масавых непарадках (частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу), а Вінаградава дадаткова вінавацяць і ў абразе дзяржаўных сымбаляў (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу), перадае праваабарончы цэнтар “Вясна”. 

Гэтая ж судзьдзя Ала Булаш у 2006 годзе засудзіла закрытым судом маладафронтаўца Зьмітра Дашкевіча на паўтара году пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Болей навін