Віталь Рымашэўскі: Некага ванітуе ад дэмакратыі, а асабіста мяне - ад дыктатуры

21.04.2011, 14:50  |  Навіны, Палітыка

 

Сустаршыня аргкамітэту БХД, экс-кандыдат у прэзідэнты ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў выказванні Аляксандра Лукашэнкі, які ў сваім звароце "да парламента і беларускага народа" прызнаўся, што яго "ванітуе" ад залішняй дэмакратызацыі падчас мінулай выбарчай кампаніі.

 


"На месцы Аляксандра Лукашэнкі я б не абвінавачваў ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, акрамя сябе самога. Па дадзеных праваабаронцаў, актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, што забаронена законам. Праваабаронцы паставілі пад сумнеў і подпісы, сабраныя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу. Але не маючы дакументальных доказаў, не магу абвінавачваць ніводнаго з кандыдатаў у прэзідэнты", - сказаў Віталь Рымашэўскі.

 
"У кожнага чалавека сваё ўспрыманне розных прадуктаў харчавання. Так і тут: кагосьці ванітуе ад дэмакратыі, а мяне асабіста ванітуе ад дыктатуры", - заявіў былы кандыдат у прэзідэнты.

 
Што тычыцца сабраных за яго подпісаў, Віталь Рымашэўскі назваў прыкладную лічбу: каля 105 тысяч. "За збор подпісаў адказваў Павел Севярынец. Я спадзяюся, неўзабаве ён выйдзе на свабоду і назаве дакладную лічбу сабраных подпісаў - з дакладнасцю да аднаго подпіса", - адзначыў палітык. 


Адказнасць за ход выбарчай кампаніі "нясе ўлада - у тым ліку і за рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты". "Колькасць кандыдатаў была б меншай, калі быў кантроль за кампаніяй з боку дэмакратычнай апазіцыі. Але такога кантролю не было, паколькі дэмакратаў не было ні ў камісіях, нідзе", - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме