Нацбанк: Беларусь можа выйсці на адзіны абменны курс у маі. Адэкватны курс — 3800

22.04.2011, 16:15  |  Навіны, Грамадства, Эканоміка

Нацыянальны банк Беларусі разлічвае выйсці на адзіны абменны курс валюты ў маі. Тады ж у абменных пунктах можа з’явіцца валюта, паведаміў журналістам 22 красавіка начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання валютнага кантролю Нацбанка Анатоль Мароз.

 

Паводле яго слоў, Беларусь чакае знешніх запазычванняў. Праведзены перамовы з Расійскай Федэрацыяй, якая запатрабавала праграму мер па выхадзе з крызісу. Такая праграма ўжо прадстаўлена.

 

«На наступным тыдні, а можа быць і ў маі, гэта пытанне павінна быць вырашана. Пасля гэтага будуць зроблены ўсе захады па стабілізацыі валютнага рынку Рэспублікі Беларусь», — растлумачыў Мароз.

 

Начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання валютнага кантролю Нацбанка таксама мяркуе, што курс долара ў 3.800 рублёў — «гэта адэкватная ацэнка, а курс, які цяпер выстаўляецца на пазабіржавым рынку (больш за 5.000 рублёў. — БелаПАН.), — завышаны».

 

На думку Мароза, валютны ажыятаж у абменніках стварыла само насельніцтва. Паводле даных Нацбанка, у студзені 2011 года насельніцтва купіла на чыстай аснове ў банках 50 млн. долараў, у лютым — толькі 12 млн. долараў, а ў сакавіку — ужо 700 млн. долараў. Для параўнання: за ўвесь мінулы год насельніцтвам было набыта 1,5 млрд. долараў.

 

Прадстаўнік Нацбанка таксама паведаміў, што паступленне валютнай выручкі ў студзені і лютым склала каля 2 млрд. долараў у месяц, а ў сакавіку — больш за 3,5 млрд. долараў. «Эканоміка, можна сказаць, ужо запрацавала. У красавіку мы ідзем такімі ж тэмпамі па паступленні валютнай выручкі», — сказаў Мароз.

 

21 красавіка віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас выказаў меркаванне, што адэкватны курс беларускага рубля знаходзіцца ў калідоры 3.800–4.100 рублёў за долар. «Гэта адпавядае сёння стану, у якім знаходзіцца наша эканоміка», — заявіў Румас у інтэрв’ю Reuters. Ён назваў «нерэальным» цяперашні курс на міжбанкаўскім рынку ў пяць і больш тысяч рублёў за долар.

 

Нагадаем, у пачатку гэтага тыдня Нацбанк Беларусі зняў абмежаванні на фарміраванне курсу беларускага рубля да долара на пазабіржавым рынку. Аж да ўказанага рашэння пазабіржавы курс не мог адхіляцца ад афіцыйнага больш чым на 10%. Аднак зняцце абмежаванняў да чаканага ажыўлення пазабіржавага рынку не прывяло.

 

На наступным тыдні Нацбанк збіраецца запусціць дадатковую гандлёвую валютную сесію на БВФБ, у ходзе якой мае намер з часам вызначыць рэальны рыначны курс беларускага рубля.

 

21 красавіка Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем да парламента і народа, заявіў пра неабходнасць «выйсці на раўнаважны валютны курс». «Эканамічнаму блоку краіны неабходна ліквідаваць у самыя кароткія тэрміны дыспрапорцыю ў эканоміцы, назапашаную ў перыяд сусветнага крызісу і наступнага аднаўлення. Выхад на раўнаважны валютны курс», — сказаў Лукашэнка.

 

Паводле ацэнак экспертаў, выхад на адзіны абменны курс беларускага рубля на ўсіх сегментах рынку фактычна будзе азначаць яго дэвальвацыю. Гэта непазбежна прывядзе да таго, што Нацбанку прыйдзецца пашырыць 8-працэнтны калідор вагання курсу да кошыка валют.

 

Па выніках біржавых таргоў 22 красавіка курс беларускага рубля практычна дасягнуў ніжняй мяжы 8-працэнтнага калідора. З пачатку года курс беларускага рубля да валютнага кошыка знізіўся на 7,99%, да долара — на 1,60%, да расійскага рубля — на 11,87%, да еўра — на 10,82%.

 

На 2011 год калідор ваганняў курсу беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют устаноўлены ў межах плюс/мінус 8%.

 

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме