Усясветны патрыярх Варфаламей: “Адроджаны ў Хрысце чалавек аднаўляе парушаную грахом гармонію ў прыродзе”

25 красавіка 2011 09:13  |  Навіны

Патрыяршае пасланне Усясветнага Патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея з нагоды Святое Пасхі 2011 год прысьвечанае землятрусу і цунамі ў Японіі, якія праз аварыю на АЭС ў Фукусіме, пагражаюць сусьвету атамнай катастрофай, а таксама тэрактам, у тым ліку у Менску, і рэвалюцыям у краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Нагадаем, Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей, вядомы сваёй актыўнасцю ў абарону навакольнага асяроддзя, заклікае адмовіцца ад выкарыстання атамных электрастанцый на карысць альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Варфаламей, Ласкай Божай архіепіскап Канстанцінопальскі – Новага Рыму і Усясветны патрыярх

усёй супольнасці Царквы Ласка, Мір і Міласць Хрыста Збаўцы, уваскрэслага ў славе.

Любыя дзеці ў Госпадзе!

Вось ізноў у радасці і міры мы звяртаем да вас усцешнае і поўнае спадзеву вітанне “Хрыстос уваскрэс!”

Здавалася б, акалічнасці і падзеі сучаснай эпохі, не апраўдваюць уцехі нашага вітання. Тыя прыродныя катастрофы, што ўжо здарыліся праз землятрусы і акіянскія цунамі, а таксама наступная пагроза магчымага атамнага выбуху, як і чалавечыя ахвяры ва ўзброеных канфліктах і тэрарыстычных актах – усё гэта сведчыць, што наш свет цяжка знявечаны, ён пакутуе пад уціскам прыродных і духоўных сілаў зла.

Тым не менш, Уваскрасенне Хрыстова ёсць праўдзівым фактам, яно дае верным хрысціянам упэўненасць – а ўсім людзям магчымасць – пераадолення неспрыяльных наступстваў прыродных катаклізмаў і духоўнай распусты.

Прыроды паўстае, калі апантаны пыхай чалавечы розум наважваецца падпарадкаваць ейныя невымерныя сілы, якія Творца ўклаў у, здавалася б, нязначныя памерам і бяздейныя яе элементы. Разглядаючы з духоўнай перспектывы неспрыяльныя прыродныя з’явы, якія абрушваюцца на нашую планету рэгулярна і пастаянна апошнім часам, мы прымаем пункт гледжання, што ўсё гэта адбываецца неад’емна ад духоўнай распусты чалавечага роду. Наступствы гэтай распусты – сквапнасць, хцівасць, несупынная прага матэрыяльнага дабрабыту, разам з абыякавасцю да таго, што мноства люду жыву ў жабрацтве, што ёсць вынікам несувымернага ўзбагачэння малой супольнасці людзей – у вачах навукоўцаў-прыродазнаўцаў пакуль не маюць відавочнай сувязі з прыроднымі катаклізмамі. Аднак для тых, хто разглядае гэтыя рэчы з духоўнага пункту погляду, відавочна, што гэта грэх разбурае гармонію не толькі духоўных, але таксама і прыродных узаемасувязяў. Існуе таямнічая сувязь паміж этычным злом і прыродным, і калі мы хочам вызваліцца ад другога, неабходна адрынуць першае.

Уваскрэслы Госпад наш Ісус Хрыстос, новы чалавек і Бог, дае нам узор спрыяльнага ўздзеяння святасці на прыродны свет. Ён лекаваў цялесныя і духоўныя хваробы, даваў суцяшэнне ўсім людзямі і ацаляў іх; у той жа час, упакорваў і супакойваў бурлівыя моры, памножаў пяць хлябоў для насычэння пяці тысяч, тым самым спалучаючы аднаўленне духоўнай і прыроднай гармоніі. Калі мы жадаем рабіць дабратворны ўплыў на цяперашнія неспрыяльныя прыродныя і палітычныя ўмовы нашага свету, тады ў нас няма іншага шляху, як толькі вера ва Уваскрэслага Хрыста і выкананне Яго запаведзяў, якія прыносяць збаўленне людзям. 

Хрыстос уваскрэс і даў новае жыццё дасканалай этыцы чалавека, які яе зацямніў. Хрыстос стаў Першынцам і Пачаткам адраджэння свету, людзей і прыроды. Вестка Уваскрасення нясе разуменне якасці чалавечага жыцця і належнага функцыянавання прыроды. Наколькі поўна і глыбока мы будзем перажываць Уваскрасенне Хрыста ў глыбіні сваіх сэрцаў, настолькі спрыяльнае ўздзеянне будзе аказваць нашае існаванне на ўсё чалавецтва і на фізічны свет. Прыродазнаўчыя навукі, магчыма, яшчэ не цалкам ўсвядомілі гэтую ўзаемасувязь паміж адраджэннем чалавека і аднаўленнем стварэння, аднак досвед святых, які мусяць стаць і нашым асабістым досведам, пацвярджае вядомы з практыкі факт, што сапраўды адроджаны ў Хрысце чалавек аднаўляе парушаную грахом гармонію ў прыродзе. Святы ў Хрысце чалавек можа “зрушваць горы” дзеля дабра, а благі і супраціўны Богу чалавек можа сатрасаць зямлю і спараджаць разбуральныя хвалі зла.

Дык наблізімся ж да святасці Уваскрэслага Хрыста, каб Ягонай ласкай замірыць прыродныя і духоўныя хвалі, якія непакояць наш сучасны свет.

Няхай будзе ласка Уваскрэслага Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі, любыя ў Госпадзе дзеці. Амін.

Святая Пасха 2011 г.

Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей

Палымяны за ўсіх вас малітоўнік да Уваскрэслага Хрыста

Болей навін