Ларыса Геніюш і Натальля Арсеньнева: "Хрыстос Уваскрос! Уваскрэсьне наша Беларусь!" (вершы)

25.04.2011, 11:21  |  Навіны, Культура

Больш за паўстагодзьдзі таму дзьве нашыя славутыя паэткі Ларыса Геніюш і Натальля Арсеньнева, адна ў савецкім ГУЛАГу, другая ў выгнаньні на чужыне, натхнёныя вялікім Сьвятам Уваскрасеньня Хрыстовага, прысьвяцілі свае вершы роднай Беларусі. Сёньня гэтыя вершы як ніколі пранізьліва адгукаюцца надзеяй у сэрцы кожнага сапраўднага беларуса.


Хрыстос уваскрос!


Хрыстос уваскрос!
                                і сьвет прачнуўся
вясной на гольлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі:
Хрыстос уваскрос!
                                Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьці, і для нас.

Так будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы ўгару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
уваскрэсьне наша Беларусь!


Ларыса Геніюш (1954)

 


Ускрэсьні!

 

Ён уваскрос,
                     Ён – дзесь між намі,
Ён там, дзе ў срэбным пыле лоз,
у сіняй смузе над палямі  
вісіць вясна...
                       Ён уваскрос.
Ускрос,
            і зноў па Беларусі
перад сабой ідзе Хрыстос...
Здымае з душ настылых вусьціш,
багаслаўляе соладзь кроз,
сяліб раскіданых прысады,
муры нязьлічаных вязьніц
і тых,

         што пагублялі радасьць

па кроплі кропля й дзень па дні...

Ідзе Хрыстос... Над Ім дугою

ўстае густы блакіт нябёс,
а ногі ў ранах незагойных
кладуць сьляды на шэрань рос...

Дык прыпадзем

                           і вусны спалім
на тых сьлядох, што Бог Хрыстос
губляе, моўчкі йдучы ўдалеч,
бо Ён ускрос,
                       Ён уваскрос!

Няхай над родным папялішчам

усьцяж галосіць нема лёс,
няхай крывавяць нас і нішчаць, –
ускрэсьне Край,
                           бо й Ён ускрос!
Мацьней за сьмерць,
                                   за ўсё,
                                             каханьне
зямлі, дзе ад дзіцяці ўзрос...
Устань жа, ўстань,
ускрэсьні сяньня,
мой Край, як уваскрос Хрыстос!

 

Натальля Арсеньнева (1953)

Навіны па тэме