Бульба

28.04.2011, 20:22  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

Беларусы – бульбашы, бульбаеды, бульбарусы. Бо кожны ёсьць тым, што ён есьць.

 

Бульба ў Беларусі афіцыйна прыраўнаваная да хлеба. Беларус бяз бульбы нікуды. Саджаць або капаць бульбу – для беларуса пара году.

 

"Бульба ёсьць – не памрэм". "Праца – як бульбу выбіраць". А калі што – "Хавайся ў бульбу!"

 

Бульба, завезеная ў Эўропу з Новага Сьвету ў сярэдзіне XVI ст, ужо ў XVII ст пачала ўрабляцца ў Беларусі. Апошнія, самыя цяжкія стагодзьдзі, у часы бесперапынных войнаў і акупацыяў бульба выратоўвала ад голаду ўсю нацыю.

 

Ня так ужо шмат існуе сфэраў, дзе Беларусь – першая ў сьвеце. Дык вось, Беларусь – абсалютны лідэр па вытворчасьці бульбы на душу насельніцтва. Каля 1 тоны!

 

Беларуская бульба – гэта 800 тысячаў гектараў ворыва і 5% сусьветнага збору. Мы маем лепшыя за ўсіх землі, клімат і, вядома ж, людзей для вырошчваньня бульбы. Калі ператварыць беларускія калгасы ў фэрмэрскія гаспадаркі й забясьпечыць ураджайнасьць на ўзроўні Нідэрляндаў, Беларусь стане галоўным экспарцёрам бульбы ды чыпсаў і  для Захаду, і для Усходу.

 

Беларуская бульба – белая. У краінах Заходняй Эўропы й Амэрыкі ядуць "жоўтую" бульбу зь мякацьцю, што зьмяшчае шмат каратыну, а ў Беларусі ды ў суседзяў – белую, багатую на крухмал.

 

Беларуская бульба – Адрэта, Аксаміт, Агеньчык, Дзецкасельская, Лошыцкая, Ласунак, Раньняя. Гатункі, вядомыя сэлекцыянэрам ды аграномам з усёй Эўропы. Лепшая беларуская бульба вырошчваецца на Наваградчыне, Случчыне, Стаўпеччыне – у легендарнае Літве, нашым залатым колцы зь Мірам, Нясьвіжам і Налібокамі.

 

Бульба дабрэнная – у беларуса ўвесь год ураджайны; бульба ня родзіць – усенароднае гора. Бульба – справа сямейная: яе выбіраюць такім жа сваяцкім парадкам, якім сядзяць у карчы самі клубні. Бульбіны выкопваюць, як самародкі. Улетку, калі Беларусь партызаніць на прысядзібных участках, лецішчах і "сотках", галоўным ворагам нацыі робіцца каларадзкі жук.

 

Бульба? Ці булькае яна ў чыгунку, ці скварыцца на патэльні, ці томіцца ў духоўцы – беларус заўжды прадчувае маленькае сьвята.

 

Бульба, родная бульба!

 

— вараная, рассыпістая ад крухмалістае рахманасьці з солькаю ды сальцом – м-мм!...

 

— смажаная, у кіпеньні тлушчу, з расчырванелай ад жару хрусткай скарынкай, з гарачымі скваркамі!...

 

— залацістая, налітая алейным сокам, нарэзаная й спражаная "саломкай-фры”!

 

— пюрэ, або камяк, скажам, зь ялавічнай тушанінай, на малацэ ды яшчэ з масьліцам, так і тае, так і млее на мыску языка!...

 

— клёцкі, бабка, галянікі з халоднай сьмятанкай!...

 

— А дранікі! Сапраўдныя беларускія дранікі, сакаўныя, пякучыя, мядзяныя, з такіх пахам на ўсю хату, ад якога сам падрумяньваесься й наліваесься сокам!...

 

"Бульба" – найбольш папулярная мянушка беларуса сярод суседзяў. Чаму? Ды вы толькі вазьміце ў рукі бульбіну й прыгледзьцеся ўважліва. Пазнаеце? Гэта ж сам беларус і ёсьць! Просты, сьціплы, круглявы земляны клубень з прымружанымі вочкамі – але ж мацак, пругкі ад спажыўнага рэчыва, напяты, як бомба, канцэнтрацыяй белага-белага крухмалу. Наш зямляк!

 

Беларусь, быццам бульба, да пары глыбока стоеная. Але надыходзіць час, бульбу дастаюць – і яна займае на стале галоўнае месца.

 

Капаць, чысьціць і нават есьці бульбу – найпрасьцейшыя практыкаваньні нацыянальнай ідэі. З ўсёй яе руплівасьцю, цярплівасьцю й самазабыўнасьцю.

Навіны па тэме

Фото юзера Тоця
Тоця 30.04.2011
Я--не рамантык бульбы і хінуся да погляду на бульбу Алеся Пашевіча.Памятая яго славутае й моцнае ЭСЭ...Бульба--сымбаль нашай галечы й самааданага харчова-алкагольнага дурману...
Есьці бульбу 100 таму было непрыстойна!!
Фото юзера Dunia
Dunia 12.05.2011
Super smachnaya bulba! Pryvittanne z Belgii !