На пару з аператарам

02 мая 2011 22:45  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Вернік  адной пратэстанцкай царквы пабываў  у Венесуэле. Камандзіроўка ў  яго такая па роду дзейнасці. Кожны  хацеў бы. У вузкім коле пачалі задаваць яму пытанні: як там ды што. Аказалася, людзі ў Каракасе выключнай шчырасці і дабрыні, што адчуваецца на кожным кроку. Лепшыя за нашых. Але і злачыннасць, разам з тым, высокая. Абрабаваць могуць пасярод белага дня на люднай вуліцы. Я спытала, ці часта ён па тэлеку бачыў Уга Чавеса. “Не часцей, чым раз на тыдзень”,– адказаў ён.

Я не паверыла сваім вушам. Раз на тыдзень?!! А чаму ў нас тады кіраўнік дзяржавы без аператара не ступіць і  кроку? Чаму ніводзін выпуск навін не абышоўся без яго вяльможнай прысутнасці і гнеўных прамоў? У крайнім выпадку, калі не былі запланаваны здымкі, то даюць фотаздымак. Як быццам мы можам забыцца, як ён выглядае. Толькі і адпачылі, як знаходзіўся на адпачынку ў Сочы.

Часам думаецца, што аператар з камерай  напагатове спіць у змежным з  ім пакоі, каб у любы момант быць гатовым зняць на відэаплёнку лёсаносныя  сустрэчы і шматгадзінныя распяканні падначаленых. А паколькі падначаленыя ўсе мы, то заўсёды знойдзецца вінаваты, які недагледзеў, недадумаў, недастараўся і да т.п. Як паслухаеш, то вінаватыя ўсе вакол – што свае, што заходнікі, што блізкія суседзі, і А.Р. не абцяжарвае сябе падборам лексікі.

Але на гэты раз ён пераўзышоў сябе самога. Лаянка ў Нароўлі была як  на будаўнічым аб’екце ці на лятучцы ў аддзяленні міліцыі. На мяжы фола. Камера паслухмяна зняла і выдала знятае ў эфір. БЕЛТА абышлося далікатным пераказам. Дзяржаўныя газеты таксама пасмелі замаўчаць непрыгожыя “выражэнія”, як быццам яны і не мелі месца. Пасаромеліся, выходзіць… А як жа праўда, якой яны нібыта прытрымліваюцца? Я, радавая грамадзянка, хачу ведаць у дэталях, як усё адбылося на самай справе і колькі разоў было паўторана прылюдна блатное слова “казлы”.

Маю прапанову. Акрамя аператара, трэба яшчэ прыставіць да першай асобы перакладчыка. Той пасля кожнай падобнай тырады дасць пераклад на нармальную чалавечую мову, тыпу: “Казёл – гэта кепскі чалавек, які жадае ўсім нам зла”. Удваіх яны як-небудзь  мо ўпішуцца ў  вузкія рамкі дыпламатыі… 

Болей навін