ЕС ПЛАНУЕ ПРАДОЎЖЫЦЬ ЧАСТКОВАЕ ПРЫПЫНЕННЕ САНКЦЫЙ У ДАЧЫНЕННІ ДА БЕЛАРУСІ

Еўрасаюз плануе прадоўжыць частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў да кастрычніка 2010 года. Пра гэта паведамляе агенцтва Рэйтэр са спасылкай на праект дакумента, які на сустрэчы 16—17 лістапада ў Бруселі павінны прыняць міністры замежных спраў краін ЕС.
У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што ЕС заклікае Мінск правесці рэформу выбарчага заканадаўства і паважаць правы чалавека, у прыватнасці, спыніўшы ціск на палітычных актывістаў і незалежныя СМІ. Брусель таксама выказаўся за ўвядзенне ў Беларусі мараторыя на смяротную кару.
Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, к 2006 году спіс вырас да 41 чалавека.
У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 персон з гэтага спіса. У ім засталіся пяць чалавек: тыя, каго Еўропа падазрае ў дачыненні да палітычных знікненняў у 1999—2000 гадах (экс-міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былыя дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман і камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка), а таксама кіраўнік Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына.
16 сакавіка 2009 года на пасяджэнні ў Бруселі замарожванне санкцый было прадоўжана ўжо на дзевяць месяцаў. Пры гэтым дзеянне згаданага спіса прадаўжалася на год.
У заяве па выніках сустрэчы міністры абяцалі Мінску магчымасць поўнай адмены ўсіх абмежавальных мер. Брусель удакладніў пяць прыярытэтных галін, дзе Беларусі неабходны паляпшэнні. Гэта рэформа выбарчага заканадаўства; забеспячэнне свабоды аб'яднанняў; стварэнне ўмоў для дзейнасці няўрадавых арганізацый; свабода прэсы; зняцце абмежаванняў для свабоды асобы.