Устаноўчае пасяджэнне «Еўранеста»: месцы для Беларусі чакаюць дэмакратыі

05.05.2011, 16:19  |  Навіны, Палітыка

Па словах еўрадэпутата Яцка Сарыюша-Вольскага месцы для прадстаўнікоў Беларусі чакаюць дэмакратыі ў краіне.

 

У Бруселі завяршылася першае пасяджэнне парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» (Еўранест) – праграмы супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і краінамі запрошанымі ў праграму. Парламентары з Беларусі на першае пасяджэнне «Еўранеста» не запрошаныя. ЕС выступіў супраць іх удзелу з прычыны жорсткага падаўлення акцыі пратэсту ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

 

Як толькі што стала вядома старшынём парламенцкай асамблеі па справах кантактаў з Беларуссю ў «Еўранест» стаў еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі. Ён таксама паведаміў Рацыі пра апошнія рашэнні паседжання: 

 

Выбраныя два сустаршыні: з боку Еўрапарламента гэта спадар Вігенін, а з Усходняга боку спадар Барыс Тарасюк. Таксама мы стварылі чатыры камісіі: па палітычных справах, сустаршыні якой спадар Хоквард са Швецыі з боку Еўрапарламента ды Дак’яшвілі з Грузіі; камісію па сацыяльных пытаннях, камісію па справах энергетычнай бяспекі, і эканамічнага супрацоўніцтва. Чатыры камісіі апавядаюць чатыром платформам Усходняга партнёрства. Таксама мы стварылі працоўную групу па пытаннях Беларусі, у якой старшынствую я з боку Еўрапарламента, а з усходняга боку – Д’яканаў з Малдавіі. Месцы для Беларусі застаюцца не занятымі, стаяць свабодныя крэслы – мы чакаем дэмакратыі ў Беларусі.


Пасяджэнне «Еўранеста» было прысвечана ў асноўным працэдурным пытанням і абранню кіруючых органаў асамблеі. У праграме «Усходняе партнёрства» ўдзельнічаюць Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна.

Крыніца: радыё Рацыя

Навіны па тэме