Суд над Яўгенам Васьковічам працягнецца 17 траўня

05.05.2011, 22:30  |  Навіны, Грамадства

Наступнае паседжаньне суда над Яўгенам Васьковічам, Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым, які распачаўся 5 траўня ў Бабруйску, адбудзецца 17 траўня а 14 гадзіне. Хлопцаў абвінавачваюць у падпале будынка мясцовага аддзяленьня КДБ (частка 2 артыкул 339 Крымінальнага кодэксу — «Асабліва злоснае хуліганства»). Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня.

 

Як удалося высьветліць, на судовым паседжаньні прысутнічалі толькі сваякі абвінавачаных. Бабруйскія праваабаронцы й журналісты даведаліся пра суд толькі па сканчэньні паседжаньня ад маці Васьковіча Рушаньні Іванаўны. Зь яе слоў, сёньня былі дапытаныя сьведкі.

Паведаміць пра падрабязнасьці судовага паседжаньня жанчына адмовілася. Сказала толькі, што наступнае паседжаньне адбудзецца 17 траўня а 14 гадзіне.

Яўген Васьковіч сам з Бабруйску. Яго затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова хлопец завочна вучыцца на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту. У Магілёў ён прыехаў здаваць сэсію. Ён працуе ў недзяржаўнай газэце «Бабруйскі кур’ер». Прыхільнік стваранай партыі Беларуская хрысьціянскага дэмакратыя. Удзельнік Плошчы. Адседзеў 12 сутак на «Акрэсьціна».

Пра яшчэ двух фігурантаў справы вядома няшмат. Арцём Пракапенка сам з Горадні. У Бабруйску ён вучыцца. Не хавае сваёй прыхільнасьці да анархісцкага руху. Павал Сырамалотаў з Бабруйску. Сябрам ніводных моладзевых рухаў і групак сябе ня лічыць.

Невядомыя ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Адразу быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Сяргей Сьлюсар, у яго дома быў праведзены ператрус, аднак потым ён быў вызвалены, паколькі сьледзтва ня выявіла яго датычнасьці да нападу.

 

Аргкамітэт БХД асуджае любыя ўчынкі, зьвязаныя з гвалтоўнымі дзеяньнямі, і прытрымліваецца выключна метадаў негвалтоўнага супраціву. У той жа час да таго, як адбудзецца суд і будуць вынесеныя ацэнкі працэсу праваабаронцамі і адвакатамі, няма падставаў лічыць Яўгена Васьковіча вінаватым ў прад'яўленым яму абвінавачваньні.

Навіны па тэме