Дэвальвацыя: Нацбанк дазволіў свабодны курс. Даляр у банках – 4000 рублёў

12 мая 2011 07:56  |  Навіны

Нацбанк дазволіў камерцыйным банкам устанавіць свабодны курс наяўнай валюты для насельніцтва. Паведамленне пра гэта з’явілася на сайце Нацыянальнага банка 11 мая. Банкі рэагуюць на дазвол Нацбанка рэзкім павышэннем абменнага курсу і выстаўляюць курсы валюты, блізкія да 4000 за даляр.

Але, як паведамляюць крыніцы ў банках, пры гэтым у банкі прыйшла нефармальная рэкамендацыя, каб да канца гэтага тыдня курсы не перавышалі 4000 рублёў за даляр. Менавіта да гэтай мяжы падскочыў курс амаль ва ўсіх абменніках. Большасць банкаў купляе даляр за 3990 рублёў, а прадае за 4000. Такі самы мінімальны лаг устанавіўся між курсам продажу і куплі еўра: 5750/5760.

Вось поўны тэкст заявы Нацбанка:

«Аб куплі-продажу замежнай валюты насельніцтвам.

У рамках рэалізацыі плана паэтапнага выхаду на адзіны курс беларускага рубля і стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку Нацыянальны банк з 11 мая 2011 г. адмяніў рэкамендацыйныя абмежаванні па ўстанаўленні банкамі курсаў здзелак па куплі-продажы замежнай валюты з насельніцтвам.

Дэфіцыт валютных сродкаў на дадзеным сегменце рынка склаўся ў сакавіку бягучага года ў выніку павышанага попыту грамадзян на наяўную замежную валюту для набыцця транспартных сродкаў за мяжой, а таксама ў сувязі з распаўсюджваннем розных чутак, якія правакуюць ажыятажныя паводзіны насельніцтва.

Выкарыстанне рынкавых падыходаў да фармавання курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні здзелак з фізічнымі асобамі дазволіць не толькі задаволіць попыт грамадзян на замежную валюту, але і пазбавіць сэнсу далейшае актыўнае набыццё замежнай валюты насельніцтвам для стварэння зберажэнняў, якое назіралася ў апошні час у сувязі з чаканнем змены абменнага курсу».

Як вядома, курс даляра на пазабіржавым рынку для прадпрыемстваў трымаецца на ўзроўні каля 5200 за даляр. Аднак разавая дэвальвацыя на 70% была б шокам для грамадзян. Таму Нацбанк пайшоў спачатку на паўмеру. Ці азначае гэта, што рубель працягне падзенне?

Гэта вельмі імаверна. Зрэшты, іншыя эксперты не выключаюць, што ў такім нізкім курсе рубля ёсць і псіхалагічны складнік. Магчыма, пасля таго як схлынуць дэвальвацыйныя чаканні, курс можа сапраўды спыніцца на ўзроўні каля 4000. Менавіта пра такі курс гаварыў як пра «збалансаваны» віцэ-прэм’ер Сяргей Румас.

Крыніцы агенцтва «Інтэрфакс» у банках мяркуюць, што рэальны рынкавы курс наяўнага рубля ў першыя дні пасля яго вызвалення мог бы скласціся на ўзроўні 4500–4600 рублёў за даляр, або на 50% ніжэй, чым афіцыйны курс Нацбанка.

Цікава, што калі Нацбанк 21 красавіка паспрабаваў вуснай рэкамендацыяй абмежаваць планкай 4500 курс даляра для прадпрыемстваў, то гэта прывяло да паралічу рынку безнаяўнай валюты, і 27 красавіка Нацбанк вымушаны быў адклікаць сваю рэкамендацыю.

Купіць валюту ў абменніках па-ранейшаму немагчыма. Фактычна, рынак чакае далейшага падзення рубля.

Праблемы на фінансавым рынку былі выкліканы перадвыбарчым перагрэвам эканомікі Беларусі. Каб гарантаваць падтрымку насельніцтва, урад Лукашэнкі пампаваў гаспадарку таннымі грашыма. Зараз рамяні прыйдзецца зацягнуць усяму насельніцтву. Сярэдні заробак у Беларусі з дэвальвацыяй зніжаецца да 390 даляраў — чацвёрты ад нізу ўзровень сярод еўрапейскіх краін. У мінулым годзе Беларусь выйшла на першае месца ў Еўропе па ўзроўні інфляцыі, а сёлета яна будзе, відавочна, вымярацца дзясяткамі працэнтаў.

Улады спрабуюць перакласці адказнасць за крах рубля на насельніцтва. Сам Лукашэнка не раз абвінавачваў людзей, што яны «паддаліся паніцы» і «кінуліся купляць машыны», што, маўляў, і прывяло да ажыятажу на валютным рынку. Банкіры ўзялі на ўзбаренне тую ж рыторыку.

Нацбанк у сваёй заяве сёння зваліў дэфіцыт валюты на ўплыў «павышанага попыту грамадзян на наяўную замежную валюту для набыцця транспартных сродкаў за мяжой, а таксама ў сувязі з распаўсюджваннем розных чутак, якія правакуюць ажыятажныя паводзіны насельніцтва».

Між тым дэвальвацыя стала лагічным вынікам эканамічнага курсу краіны. Краіна доўгія гады жыла не па сродках. Дэфіцыт бягучага рахунку апошнія гады стабільна складаў 10–15% ад ВУП. Пасля 2006 года, калі Расея ўзняла цэны на газ, замежная запазычанасць нарастала на 5–6 мільярдаў даляраў штогод. Больш за тое, Беларусь апынулася ў татальнай эканамічнай, палітычнай і фінансавай залежнасці ад Расіі. Нават маючы найтаннейшыя ў Еўропе газ і нафту ўзамен за палітычную залежнасць, Беларусь пагрузілася ў глыбокі фінансавы крызіс.

Наступныя гады беларусам не выпадае чакаць эканамічных цудаў. Па выніках 2011 года замежная запазычанасць краіны можа дасягнуць 65% ад ВУП, што абмяжуе магчымасці для запазычвання на замежных рынках. У той жа час на 2012–2013 гады прыпадзе пік выплат па крэдытах, атрыманых у 2006–2008-м. Краіну чакаюць гады жорсткай эканоміі і не менш жорсткага расейскага ціску. Масква паспрабуе скарыстацца з беларускай фінансавай катастрофы, праводзячы аперацыю па змушэнні да прыватызацыі.

Беларусь стала адзінай краінай Еўропы, што ажыццявіла рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты за апошнія 12 месяцаў.

Усяго ад 2008 года беларускі рубель абясцэніўся больш як на 90% (безнаяўны — на 135%). Гэта абсалютны антырэкорд кантынента.

Болей навін