У Вільні ўсталяваная шыльда ў гонар кс. Адама Станкевіча (фота)

17 мая 2011 09:01  |  Навіны

 

Мемарыяльная шыльда ў гонар сьвятара, асьветніка і пакутніка, заснавальніка першай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ксянза Адама Станкевіча была ўсталяваная 14 траўня на будынку былой Віленскай беларускай гімназіі ў базыльянскіх мурох у Вільні.

 

 

Шыльда зьявілася дзякуючы намаганьняма старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі. Урачыстае адкрыцьцё шыльды адбудзецца пазьней. Гэта ўжо 10-я па ліку шыльда з тых, што ўсталяваныя ў Вільні ў гонар беларускіх віленскіх дзеячоў, дзякуючы ТБК.

 

У Вільні ўсталяваная шыльда ў гонар кс. Адама Станкевіча (фота)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ксёнз Адам Станкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914) і рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасьвячоны ў сьвятары ў 1914 годзе, стаў адным з заснавальнікаў і шматгадовым лідэрам Хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці (1917), якая пазьней стала Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыяй, адной з найбуйнейшых беларускіх партыяў у Заходняй Беларусі ў міжваенны час. 

Адам Станкевіч з 1919 выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, быў рэдактарам і выдаўцом газеты БХД «Крыніца». У 1922—28 дэпутат (пасол) польскага Сейма, намесьнік старшыні Беларускага пасольскага клуба, ён адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы беларусаў у заходняй Беларусі. За дабрачынную дзейнасьць яго называлі «вялікім філантропам».

 Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, Станкевіч у 1924—26 узначальваў Таварыства беларускай школы, быў старшынём і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК), заснаванага БХД . У 1928—39 рэдактар і выдавец часопіса «Хрысьціянская думка». Адзін з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф.Скарыны (1926—40), у якой выдадзена ня менш за 146 назваў беларускіх рэлігійных і сьвецкіх кнігаў, Беларускага каталіцкага выдавецтва. Сам быў аўтарам шматлікіх кнігаў, гістарычных, філазоўскіх і багаслоўскіх нарысаў, дасьледваньняў, артыкулаў.

 
Ксёнз Адам Станкевіч вёў богаслужэньні на беларускай мове ў касьцёле сьв. Мікалая ў Вільні. У 1938-м высланы польскай адміністрацыяй у Слонім. Восеньню 1939-га пасьля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве вярнуўся ў Вільню і стаў дырэктарам беларускай дзяржаўнай прагімназіі, арганізаваў там Беларускі цэнтр, аднавіў выданьне газеты «Крыніца». У гады нацысцкай акупацыі працаваў у віленскім касьцёле св. Міхала, дапамагаў ратаваць ад рабаваньня экспанаты Віленскага беларускага музея. Выдаў “Вучнёўскі малітаўнічак” і “Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу”.
 

 

Першы раз быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС у 1944 годзе, але неўзабаве адпушчаны. У 1949-м яго арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці і асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Зьняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобл.), дзе памёр 29 лістападу 1949 году. Пахаваны на могілках Азярлага каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага раёну.

Болей навін