Сёньня ў Менску ўшаноўвалі Мітрапаліта Мэлхісэдэка з нагоды 80-годзьдзя сьмерці

17 мая 2011 22:19  |  Навіны

80 гадоў таму, 17 траўня 1931 г. раптоўна памёр мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэлхісэдэк (Міхаіл Паеўскі) – адзін з аўтарытэтных дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ХХ стагоддзя. З гэтай нагоды сёньня ў Менску адбыліся ўрачыстасці, прысьвечаныя яго памяці.

Адбылося адкрыцьцё памятнай дошкі з барэльефнай выявай мітрапаліта Мелхіседэка на будынку Інстытута тэалогіі БДУ (пр-т Незалежнасці, 24), а ў самім  ў Інстытуце тэалогіі прайшлі навукова-асветніцкія чытаньні па тэме “Мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскі) — царкоўны дзеяч і асветнік” з удзелам навукоўцаў, багасловаў, студэнтаў Інстытута тэалогіі БДУ. Урачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

   
Мітрапаліт Мелхіседэк (Міхаіл Паеўскі) нарадзіўся 15 лістапада 1879 года ў вёсцы Вітуліна Бельскага павета Холмскай губерні (цяпер у Люблінскім ваяводстве Польшчы). Уладыка Мелхіседэк прыняў манаства ў 1898 годзе, а 8 верасня 1916 года быў узведзены ў сан епіскапа. Служыў у Менскай епархіі з 1919 года, спачатку як вікарый Слуцкі, а з 1921 года ў якасці правячага архіерэя. Як дзейсны глыбокаадукаваны архіпастыр, асветнік і прапаведнік карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод насельніцтва.

Шлях служэння Мітрапаліта Мелхіседэка прыпадае на 1920-я гады, найбольш трагічныя ў гісторыі ўзаемаадносін дзяржавы і Царквы. У тых умовах яго самаахвярная дзейнасць, арганізатарскі талент былі накіраваны на захаванне Царквы, пераадоленне расколу, прымірэнне варагуючых бакоў, абарону мірнага насельніцтва ў час нямецкай і польскай акупацый. Дзякуючы яго мудрасці згубны ўплыў абнаўленчага расколу ў Мінску быў нязначным у параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі. Дзеля адмежавання ад абнаўленцаў і захавання паствы Ўладыка Мелхіседэк аб’явіў аб утварэнні Беларускай Аўтаномнай Царквы. За вернасць пастырскаму абавязку і супрацьдзеянне абнаўленцам Мітрапаліт Мелхіседэк тройчы быў арыштаваны савецкімі ўладнымі органамі.

Мітрапаліт Мелхіседэк меў вялікі  аўтарытэт асветніка і прапаведніка. Храмы Мінска пры ім былі перапоўнены веруючымі. Яго называлі «мастаком слова», а прамовы і пропаведзі хадзілі сярод народу ў рукапісах. Вышэйшай мэтай жыцця Праасвяшчэннага Мелхіседэка было захаванне традыцыйнай веры бацькоў, служэнне ідэалам дабра, міласэрнасці, міру і браталюбнасці, на гэтых прынцыпах ён засноўваў сваю пастырскую і асветніцкую дзейнасць. У Менску яго доўга памяталі як чалавека глыбокай веры, поўнай самаахвярнасці, рэдкага асабістага абаяння.

Апошнія тры гады Мітрапаліт Мелхіседэк служыў на кафедры Енісейска-Краснаярскай, пры гэтым ён заўсёды імкнуўся вярнуцца на радзіму, у родную Беларусь. Памёр Праасвяшчэнны Мелхіседэк 17 мая 1931 года, раптоўна, ў час службы ў Пакроўскім храме Масквы. Пахаваны на маскоўскіх Праабражэнскіх могілках.

 

Сёньня ў Менску ўшаноўвалі Мітрапаліта Мэлхісэдэка з нагоды 80-годзьдзя сьмерці

Болей навін