Яўгену Васьковічу далі сем гадоў

18 мая 2011 23:46  |  Навіны

18 траўня ў судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну скончыўся разгляд крымінальнай справы па факце падпалу мясцовага будынка КДБ. Вінаватымі прызнаныя Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў. Паводле выраку судзьдзі Паўла Карцініна кожны зь іх атрымаў па сем гадоў зьняволеньня ў папраўчых калёніях узмоцненага рэжыму. 

 

Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Павал Сырамалотаў прызнаныя вінаватымі па двух артыкулах крымінальнага кодэксу: “Злоснае хуліганства” і “Наўмыснае нанясеньне шкоды ў асабліва буйных памерах”. Прысуд хлопцам мала чым адрозьніваўся ад таго, што прапаноўваў бок абвінавачваньня. Пракурор Тоўсьцік прасіла суд асудзіць іх на тэрміны ад сямі з паловай да васьмі гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле абвінаваўцы, віна пасудных была цалкам даказаная папярэднім сьледзтвам. Яна даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Напад на КДБ, паводле яе, быў відавочным выклікам грамадзтву з дэманстрацыяй сваёй бяскарнасьці. 

 

Адвакаты з пазыцыяй абвінаваўцы не пагаджаліся. Яны прасілі суд улічыць, што паказаньні абвінавачаныя давалі пад ціскам. Акрамя таго, яны ня мелі на мэце спаліць будынак КДБ, як настойвае абвінаваўца, а толькі яго пашкодзіць. Довады абвінаваўцы, пераконвалі адвакаты суд, сфармуляваныя на падставе таго, што толькі магло б адбыцца. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Казалі адвакаты й пра прапагандысцкі фільм Беларускага тэлебачаньня пра напад падсудных на будынак КДБ. У фільме выкарыстаныя запісы з папярэдняга сьледзтва. Іх падабаронных паказалі там як людзей, у якіх няма ўласных жыцьцёвых перакананьняў, якія гатовыя ўсё нішчыць на сваім шляху. Адвакат Васьковіча зьвярнуў увагу суду на тое, што яго падабаронны тлумачыў свой учынак як адказ на непрапарцыянальныя дзеяньні праваахоўных органаў Беларусі ў адносінах да той моладзі, якая выступае з патрабаваньнямі свабоды й дэмакратыі. Адвакаты прасілі суд пакараць хлопцаў, не пазбаўляючы іх волі. 

 

Сырамалотаў і Пракапенка ў сваіх апошніх словах казалі пра раскаяньне і прасілі ў суду палёгкі ў пакараньні. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Па сканчэньні працэсу адвакаты паведамілі, што будуць абскарджваць вырак Бабруйскага суду ў Магілёўскім абласным.

 

Яўген Васьковіч родам з Бабруйску. Яго затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова хлопец завочна вучыцца на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту. У Магілёў ён прыехаў здаваць сэсію. Ён працуе ў недзяржаўнай газэце «Бабруйскі кур’ер». Прыхільнік стваранай партыі Беларуская хрысьціянскага дэмакратыя. Удзельнік Плошчы. Адседзеў 12 сутак на «Акрэсьціна».

Пра яшчэ двух фігурантаў справы вядома няшмат. Арцём Пракапенка сам з Горадні. У Бабруйску ён вучыцца. Не хавае сваёй прыхільнасьці да анархісцкага руху. Павал Сырамалотаў з Бабруйску. Сябрам ніводных моладзевых рухаў і групак сябе ня лічыць.

Невядомыя ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Адразу быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Сяргей Сьлюсар, у яго дома быў праведзены ператрус, аднак потым ён быў вызвалены, паколькі сьледзтва ня выявіла яго датычнасьці да нападу.

Аргкамітэт БХД асуджае любыя ўчынкі, зьвязаныя з гвалтоўнымі дзеяньнямі, і прытрымліваецца выключна метадаў негвалтоўнага супраціву. Але сябры аргкамітэту БХД гатовыя інфармацыйна, праз пасылкі, духоўную літаратуру і ўсімі іншымі дасягальнымі шляхамі ўсяляк падтрымліваць у зьняволеньні свайго былога паплечніка, як падтрымлівалі і раней, падчас сьледства. Зважаючы на сучасную беларускую сістэму судоў і метады сілавых сьпецслужбаў, да вызваленьня Яўгена Васьковіча няма магчымасьці сцьвердзіць, што ягоныя сьцверджаньні падчас сьледзтва і ў судзе адпавядаюць рэальнасьці.

Болей навін