Дзьмітрук: Расея будзе чакаць, пакуль Беларусь не апынецца на самым дне

20 мая 2011 11:34  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Георгі Дзьмітрук пракамэнтаваў прыезд 19 траўня ў Беларусь расейскай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам Уладзімерам Пуцінам і міністрам фінансаў Аляксеем Кудрынам. Сустаршыня БХД адзначыў, што расейскі бок пачакае, пакуль Беларусь не апынецца на самым дне крызысу, каб выгандляваць для сябе найлепшыя ўмовы.

 

“Тое, што ўчора адбывалася, больш нагадвае ўсходні базар, чым сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. Учора відавочна пераважалі эканамічныя пытаньні, і якогасьці балянсу палітычных і эканамічных пытаньняў я не заўважыў. На сустрэчы адбываўся звычайны гандаль,падчас якога бакі як заўсёды не пагадзіліся ў кошце”, – падкрэсьліў палітык.

 

“Беларусь на гэтых перамовах а прыёры знаходзіцца ў больш пройгрышным становішчы, але пакуль наша краіна яшчэ не дасягнула самога дну. Таму тыя, хто мае свае інтарэсы ў Беларусі, лепш пачакае, пакуль сытуацыя не пагоршыцца яшчэ больш. Цалкам верагодна, что перамовы яшчэ доўга будуць працягвацца, бо ў бізнэсе і эканоміцы лягчэй дамовіцца, калі твой апанэнт знаходзіцца ў горшым становішчы. Хутчэй за ўсё разьвязку трэба чакаць бліжэй да восені”, – лічыць Георгі Дзьмітрук.

 

“Што тычыцца сумаў крэдытаў, якія Расея абяцае вылучыць Беларусі, дык я б не сьпяшаўся называць гэтыя сумы, пакуль сродкі не паступілі на рахункі Нацыянальнага банку. Пакуль жа нельга казаць пра нейкія дамовы, угоды, бо на дадзены момант падобныя заявы зьяўляюцца блефам ды прафанацыяй. Тое ж самае можа тычыцца і магчымых заяваў аб продажы доляў акцыяў беларускіх кампаніяў, бо прыватазацыя прадпрыемстваў – гэта ня справа некалькі дзён. Яна можа зацягнуцца надоўга, і таму сродкі ад яе таксама могуць паступіць не ў бліжэйшым часе”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Болей навін