Дрэва

24.05.2011, 20:22  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

Беларусь жыве ў дрэве, як у целе.

 

Галоўныя плоскасьці беларускага існаваньня – драўляная падлога, кухонны й пісьмовы стол, аркушы паперы.

 

У беларускай гісторыі, гаспадарцы, культуры гадавыя колцы дрэва разыходзяцца, быццам колы ў вадзе. Беларускае дрэва – гэта знакамітая фігурная рэзь у Маскве, шэдэўры бондараў і скульптараў ВКЛ, драўляныя іканастасы й цэлыя храмы Беларусі.

 

Дрэвы займаюць трэць сёньняшняй Беларусі, даюць ёй цяпло і дыханьне, дрэвы пануюць у беларускіх садох і парках, дрэвы глядзяць у вокны раддомаў і вартуюць могілкі. Беларуская хвоя напойвае чыстым паветрам Эўропу, вялізныя яліны ставяцца на галоўных плошчах гарадоў у Новы год, а беларускія дубы, грабы, клёны твораць цуды беларускіх паркаў, пушчаў і запаведнікаў. Найбольш дрэва – у беларускім доме. Дрэва прымае гаспадара ў сьвет спакою й цішыні, захоўвае камфорт і шалясьціць у перагортваных старонках кнігаў.

 

Захопнікі заўжды вывозілі зь Беларусі дрэва.

 

Да ІІ Сусьветнай вайны, пакуль у Сібіры, Комі й Мардовіі на поўную сілу не разгарнуліся лесапавалы ГУЛАГу, Беларусь была галоўнай дрэваапрацоўчай базай Савецкага Саюзу. Запалкі, што павальна раскупалі ўвосені 1941-га, фанэра, якой загароджвалі вокны з выбітымі шыбамі падчас бамбёжак, шкіпінар, якім паўсюдна лекаваліся й распушчалі фарбу, былі зробленыя менавіта зь беларускага дрэва.

 

Беларускае дрэва – вобраз нацыянальнай ідэі з найглыбейшымі каранямі.

 

Ісус з Назарэта быў цесьляром. Наш Госпад пілаваў ствалы, габляваў дошкі, майстраваў утульнае жытло з грубага, цьвёрдага й абыякавага дрэва – і ператвараў дрэва гэтак жа, як і ўвесь род людзкі. Насьледуючы Хрысту, цясьлярствам спрадвеку займалася і Беларусь.

 

Пакуту і сьмерць за грахі таго ж чалавецтва Ісус Хрыстос прыняў ня на якім іншым – на драўляным крыжы. Дрэва крыжу Хрыстовага прыняло і жах болю Божага, і веліч Ягонае ахвяры, і трыюмф перамогі над д'яблам. Беларусь Новага Запавету гэтаксама цярпела, памірала за іншых і ўваскрасала – у сваіх драўляных хатах, партызанскіх лясох і на тронках са сьвятым бел-чырвона-белым сьцягам.

 

Дрэва палае зыркім полымем і згарае дарэшты. Гэтак жа адчайна, самааддана й па-хрысьціянску жыве Беларусь.

 

Беларускае дрэва, цярплівае, залацістае й напоенае ўнутраным сьвятлом – гэта нацыянальны стыль. Беларусы вельмі любяць працаваць з дрэвам. Можа быць, таму ў беларускай гаспадарцы так шмат драўлянага.

 

Беларусь мае больш мільярда кубамэтраў сьпелай драўніны на карані: шмат, як для астатняга сьвету. 88 лясгасаў нарыхоўваюць 10 мільёнаў кубамэтраў штогод. Беларусь – гэта "Гомельдрэў", "Пінскдрэў" і "Барысаўдрэў", цэлюлёзна-папяровыя камбінаты ў Сьветлагорску й Добрушы, мэблявыя фабрыкі ў Менску, Бабруйску, Віцебску. Беларусь экспартуе на 312 мільёнаў даляраў драўніны ды на 150 мільёнаў даляраў мэблі ў Расею, Нямеччыну, Францыю, Швэдзію, Данію і Нідэрлянды.

 

Беларуская хваёвая дошчачка, папера, лакі ды смолы, дубовы паркет, гарнітуры ручное працы й цэлыя домікі з дрэва маюць стаць беларускай візытнай карткай ува ўсёй Эўропе.

 

"Беларускае дрэва!" – са значэньнем скажа жыхар Лёндану, Нэапалю ці Афінаў, паказваючы сям'і набытую мэблю. Беларусам грэх вывозіць за мяжу сырую драўніну. Дзякуй Богу, з дрэва мы як ніхто ўмеем зрабіць утульную й цёплую ласку.

Навіны па тэме