БХД заклікае польскія ўлады спыніць перасьлед Жукаўца

27 мая 2011 14:05  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” вельмі занепакоены судовай справай супраць дзеяча беларускай апазыцыі, праваабаронцы й сябры БХД Андрэя Жукаўца, які перасьледуецца польскімі судовымі органамі на замову дыктатарскага рэжыма Лукашэнкі. З гэтай нагоды БХД заклікае ўлады Польшчы разабрацца зь беззаконьнем, што чыніцца ў справе Андрэя Жукаўца на працягу апошніх 10 гадоў. 

“Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” просіць правесьці сьледзтва ў справе фальшаваньня крымінальнай справы супрацоўнікамі Беластоцкага суда й пракуратуры ў дачыненьні да беларускага патрыёта Андрэя Жукаўца. Ён фінансаваў будаўніцтва праваслаўнага храму ў гонар Іконы Божай Маці Менскай, аздараўленьне дзяцей-інвалідаў, падтрымліваў матэрыяльна і тэхнічна беларускіх праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў. 

Пасьля затрыманьня ў 1996 годзе на фірму Жукаўца «Трэйс» былі скіраваныя праверкі Менгарвыканкама й КДБ. Паводле дырэктывы Лукашэнкі фірму зачынілі, хаця ня мелі на гэта права: фірма для сваёй дзейнасьці ўзяла крэдыт у 700 тысяч даляраў і мусіла яго сплочваць. На падставе сфабрыкаваных фактаў была ўзбуджана крымінальная справа. 

Пасля закрыцьця фірмы Жукавец спрабаваў пагашаць крэдыты, але банк гэтыя грошы не прымаў. Праблемы ў бізнэсе Жукавец зьвязвае з актыўнай дапамогаю “Маладому Фронту”. Андрэй вымушаны быў пакінуць Беларусь і прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Але перасьлед не спыніўся і за межамі Беларусі. 

Судовыя паседжаньні над Жукаўцом у Польшчы цягнуцца амаль 10 гадоў, беларускі бок патрабуе яго экстрадыцыі. Па гэтай справе Жукавец быў арыштаваны ў 2001 г. і ў Польшчы, правёў у зьняволеньні 85 дзён, больш за месяц трымаў галадоўку. З-пад арышту яго вызвалілі пасьля ўмяшальніцтва былога прэзыдэнта Польшчы, на той час генэральнага пракурора Леха Качыньскага. 

У польскім судзе Жукавец і цяпер патрабуе, каб яго не судзілі паводле дакумэнтаў, якія ў выглядзе ксэракопіяў прадстаўленыя суду. Да таго ж іх пераклады на польскую мову не адпавядаюць арыгіналам. 

Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зьняволеньня й экстрадыцыя ў Беларусь. Зь лістамі ў абарону Жукаўца яшчэ ў 1999 годзе выступалі палітычныя й грамадзкія дзеячы: Юры Хадыка, Алег Трусаў, Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец ды інш. 

Болей навін