У чым віна Пілата?

26 мая 2011 12:20  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Помняцца першыя дні пасля Плошчы. На ўваходзе ў “амерыканку” нязвыклы, прыгнечаны натоўп: родзічы прынеслі вопратку і ежу для зняволеных. Пакуль што перадач не бяруць, бо затрыманыя не перайшлі ў статус арыштаваных. Абстаноўка нервозная. Абураецца маці Ірыны Халіп: “Перадайце хоць сродкі гігіены! Яна ж жанчына!” Тут жа дзве маладыя маці. У адной, Міланы Міхалевіч, дзіця на грудзях, у рукзачку. У Насты Рымашэўскай дачка ўжо ходзіць. Тупаючы ў цесным “прылазніку” паміж дзвюма шклянымі дзвярамі, Ева доўга камусьці гразіла пальчыкам; мабыць, тым дрэнным дзядзям, якія трымаюць у засценку яе невінаватага тату.

Усе яны, кандыдаты, а таксама актывісты выбарчых штабаў — грамадска актыўныя людзі. Усе яны моцна “заточаны” на соцыум, а таму падчас забываюць і пра свае духоўныя патрэбы, і пра свае сем’і. Вельмі верагодна, што перажытыя выпрабаванні змянілі іх адносіны да блізкіх і дапапамаглі зразумець адну простую ісціну: асабістыя рэсурсы чалавека не бязмежныя, у цяжкую хвіліну моцна падтрымліваюць родныя людзі,  сваякі, сябры. Кранальна сказаў на судзе ў сваім заключным слове Андрэй Саннікаў: “Я люблю сваю сям’ю больш, чым жыццё”.

Улады спадзяюцца застрашыць асуджаных. Магчыма, хтосьці з маладых людзей менавіта такі урок вынесе са зняволення (і не нам іх судзіць). Але большасць – загартуецца, набудзе неацэнны вопыт мужнасці і трывання.

Вялікую павагу выклікаюць паводзіны Д. Уса, які пад рэальнай пагрозай помсты не здаў М.Статкевіча. Дарма мы пацяшаліся над яго кароткім выступам па тэлебачанні. Што з таго, што У. Раманчук гаварыў з экрана многа і складна?.. 

Усе па-рознаму перанеслі дасудовую  адсідку. Розныя былі лініі паводзін, розныя акалічнасці справы, розная, урэшце, адчувальнасць да псіхалагічнага ціску і фізічных пакут. Адны сведчаць пра катаванні, іншыя –што іх “пальцам не кранулі”. І ўсе кажуць праўду.

Фігурантаў крымінальнай справы размеркавалі па групах у залежнасці ад ступені віны – як гэта ўяляецца несвабоднай судовай сістэме. Адпаведна раздаваліся і тэрміны. Відавочцы называюць  паседжанні судоў “поўнай руцінай”, дзе паказанні сведкаў з боку абароны нічога не значаць, дзе загадзя ўсё прадвызначана. Кандыдатаў фактычна засудзілі за заклікі выйсці на Плошчу. Хаця на тых, хто ісці не збіраўся, гэтыя заклікі – пераканана — абсалютна не ўплывалі. 

Віталь Рымашэўскі, убачыўшы мяне сярод прысутных у судзе, перад зачытваннем прысуду здаў мне ключы ад машыны і мабільнік. Як Павел Севярынец быў гатовы адбываць максімальныя 15 гадоў, так і Віталь ведаў, што чакаць можна чаго заўгодна: напрыклад, што зменяць пакаранне на больш жорсткае і возьмуць пад варту ў зале суда.

У Някляева быў зямлісты, нездаровы колер твару – як з падзямелля, а не хатняга арышту. На Фядуце прыкметна вісеў пасвабаднелы пінжак. Дарэчы, мяне ўразілі словы А.Фядуты, сказаныя на заключным паседжанні: “Трэба суцішыць уласныя амбіцыі, размаўляць адзін з адным і слухаць адзін аднаго. Тое, што адбылося, стала магчымым не таму, што была змова, а таму, што яе не было”. Я не здзівілася б, каб да такой высновы прыйшоў і А.Саннікаў, які менш, чым хто, хацеў размаўляць, дамаўляцца і супрацоўнічаць з іншымі кандыдатамі.

Шмат часу заняў пералік рэчаў, забраных падчас вобыскаў у актывістаў кампаніі “Гавары праўду” – ад паштовак, закладак і балонікаў з лагатыпамі да наўтбукаў і відэакамер. Большасць з іх вярнулася да ўладальнікаў.

 

Суддзя Жукоўская так хвалявалася пры агалошванні прысудаў, што ёй перахоплівала дыханне. І суддзя, аказваецца, чалавек, і ў яго могуць быць эмоцыі! Што ж, суддзяў, як пракурораў і іншых служак Феміды, можна зразумець. Пракуратар Іудзеі Пілат быў куды больш незалежным у сваіх дзеяннях, але і ён не ўзяў на сябе адказнасці самастойна вырашыць лёс Хрыста – таму і прыкрыўся мясцовым народам. Нашы нашчадкі справядлівую судовую сістэму будуць ствараць з нуля, і ніякаму прэзідэнту – ні добраму, ні такому, які ёсць зараз, не будуць падначальвацца органы правасуддзя.

Болей навін