Жывёлагадоўля

29.05.2011, 02:34  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

"... І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага й падабенства Нашага, і хай валадараць яны і над быдлам, і над усёй зямлёю". (Быцьцё 1:26)

 

Беларусы – выдатныя выканаўцы 26-га вершу з 1 разьдзелу Кнігі Быцьця. Даіць увечары карову, выбіраць зраньня яйкі або цэлы дзень смаліць вепрука – гэта роднае, беларускае. У вясковай гаспадарцы абавязкова кароўка, а то й дзьве, а мо яшчэ й бычок, і вядома, парсючкі, ды й трусы, а ўжо птаства – куры, гусі, качкі, індыкі...

 

Вялікія статкі жывёлы ў герояў Бібліі заўжды азначалі Божае дабраславеньне. Беларусь мае 4 мільёны галоваў быдла, 3,5 мільёны сьвіней, 30 мільёнаў галоваў птушкі. Беларусь – краіна малочных рэкаў і мясных берагоў.

 

Нацыянальныя традыцыі жывёлагадоўлі настолькі ж магутныя, як і кавалак беларускага сала з праслоем мяса. Вось, напрыклад, што піша Беларуская Энцыкляпэдыя: "Беларускі мясны тып сьвіней – жывёлы буйной канстытуцыі з моцным, шырокім, глыбокім і падоўжаным тулавам, белае масьці; жывая маса дарослых кныроў 310 кг, сьвінаматак 270 кг; маладняк мае высокую энэргію росту”...

 

Беларускае малако ўспаіла шмат краінаў; Беларусь ірвалі зь мясам і Захад, і Усход. "Матка, млека, сала, курка, яйка!" – такую праграму разьвіцьця жывёлагадоўлі Беларусь чула ад кожнага захопніка. Можа, таму беларускія кумпячкі, вяндлінка, згушчанае малако й сьметанковае масла дагэтуль падабаецца і Расеі, і Украіне, і Польшчы. У савецкія часы Беларусь карміла і Маскву, і Піцер. Дагэтуль у народзе жывая легенда, згодна якой Пятро Машэраў у адказ на крамлёўскія патрабаваньні даваць у цэнтар болей мяса й малака заявіў: "Я спачатку Беларусь забясьпечу!..." Сёньня Беларусь вывозіць за мяжу ялавічыны, сьвініны, кураціны, малака, масла ды сыроў на колькісот мільёнаў даляраў штогод. Фірмовы беларускі экспарт – згушчанае малако, вяршкі, сьвіная й ялавічная тушаніна.

 

Беларуская сельская гаспадарка круціцца вакол жывёлы. Касьба й сенакос, сечка й буракі, сіласныя сумесі й бялкова-вітамінныя канцэнтраты – усё гэта каб скаціне было што есьці. Беларус сам часьцяком на дасьпіць, не даесьць – але жывёлу даглядзіць, каб была сытая й давольная. У вёсках кароваў ды сьвіней адкормліваюць хлебам. Ясь, які касіў канюшыну, 12 мільёнаў тон сена штогод плюс кожныя два зь пяці гектараў ворыва пад кармавымі культурамі, ды яшчэ з часоў СССР вялізная вытворчасьць кормаўборачных камбайнаў "Гомсельмаш" – гэта яна, беларуская жывёлагадоўля.

 

Беларусы любяць жывёлу – але вельмі ня любяць, калі іх саміх называюць быдлам.

 

Велізарныя савецкія сьвінакомплексы (такія, як Гомельскі, на 95 тысячаў асобінаў), птушкафабрыкі (накшталт Менскай ці Баранавіцкай, на некалькі мільёнаў галоваў кожная), малочныя гіганты й бяздушныя канвэеры, дзе тушы надзьмуваюць, быццам паветраныя шарыкі, былі створаныя, каб пракарміць гіганцкае войска імпэрыі, гатовае ўварвацца ў Эўропу. Заўтра яны саступяць месца прыватным фэрмам на хутарох, дзе кожная жывёла атрымае той догляд і пяшчоту, якія выяўляюць беларуса ва ўласнае гаспадарцы, – і тады Эўропа будзе заваяваная нашым харчам.

 

Бо беларуская жывёлагадоўля – гэта ох якое мясца, кілбаска, пальцам пханая, паштэты й рулеты зь яйкам ды пячонкаю, ды сырок, масьліца ды найсьвяжэйшы тваражок, так цудоўна расьпісаныя ў "Энэідзе навыварат"... Самае смакоцьце напоенай бялкамі, тлушчам ды пахамі Беларусі – такое, што часам проста кілбасіць!

Навіны па тэме