БХД прадставіла планы далейшай дзейнасці на прэс-канферэнцыі

15 чэрвеня 2011 14:40  |  Галоўныя навіны

15 чэрвеня адбылася прэсавая канферэнцыя аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. У ёй узялі ўдзел сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Аляксей Шэін і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі. Канферэнцыя была прысвечана планам дзейнасці БХД, а таксама пазіцыі “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” ў дачыненні да найбольш вострых пытанняў.

 

На пачатку выступіў Віталь Рымашэўскі, які прадставіў планы дзейнасці БХД па найбольшым вострым пытанні – правядзенні свабодных выбараў і вызваленні палітвязняў.

 

“Пасля фальсіфікацый выбраў, наступных масавых палітычных рэпрэсій і імклівага эканамічнага крызісу, як ніколі дагэтуль відавочным становіцца тое, што прычынай збяднення беларусаў і адсталасці нацыянальнай эканомікі з’яўляецца заганная палітычная сістэма.  У аснове сучаснага эканамічнага крызісу Беларусі – адсутнасць свабодных выбараў і , як наступствы гэтага, — адсутнасць дэмакратычна абранай заканадаўчай улады і сістэмы мясцовага самакіравання,  незалежнай судовай сістэмы, высокі ўзровень карупцыі, падаўленне палітычнага іншадумства і прыватнай эканамічнай ініцыятывы”, – адзначыў ён.

 

На думку палітыка, “правядзенне эканамічных рэформ, рэалізацыя антыкрызісных праграм немагчымы без палітычных рэформ і забеспячэння асноўных канстытуцыйных правоў і свабодаў, якія гарантуюць кантроль грамадства над расходам бюджэтных сродкаў, абарону ўкладанняў замежных інвестараў і  развіццё прыватнай ініцыятывы грамадзян Беларусі”. “Цяпер як ніколі зручна тлумачыць насельніцтву непасрэдную сувязь палітыкі і эканомікі. Эканамічны крызіс наўпрост звязаны з заганнай палітыкай кіраўніцтва Беларусі. Ім не дапамогуць ні крэдыты, ні антыкрызісныя пляны”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

У рамках кампаніі за свабодныя выбары і вызваленне палітвязняў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі плануецца:

—  распаўсюд інфармацыі пра прычыны эканамічнага крызісу, вынікі выбараў і вынікі судовых працэсаў у сувязі са справай 19 снежня 2010 года ў Мінску;

— правядзенне на працягу бліжэйшага месяцу 100 пікетаў, іншых акцый ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў падтрымку палітвязняў і патрабавання аб правядзенні свабодных выбараў;

— збор подпісаў пад патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітычных вязняў;

—  падтрымка міжнароднай кампанія салідарнасці. Мы будзем дамагацца  куратарства дэпутатаў парламентаў дэмакратычны краін свету над усімі без выключэння палітвязнямі;

— падтрымка палітвязняў і кантроль за выкананнем міжнародных нормаў па ўмовах утрымання зняволеных.

 

БХД таксама заклікае ўсе міжнародныя структуры і ўрады дэмакратычных краін устрымацца ад правядзення перамоў, у тым ліку, звязаных  палітычным і з эканамічным супрацоўніцтвам, з прадстаўнікамі  уладных структур Рэспублікі Беларусь да моманту вызвалення ўсіх палітычных вязняў. Аргкамітэт звяртаецца да ўсіх царкоўных, грамадскіх і палітычных арганізацый Беларусі, а таксама да ўсіх зацікаўленых міжнародных структур з заклікам патрабаваць неадкладнага вызвалення палітычных вязняў і  правядзення свабодных і справядлівых выбараў.

 

У прыватнасці, Віталь Рымашэўскі заклікаў людзей прыйсці 17 чэрвеня а 10-й гадзіне ў Менскі гарадзкі суд на разгляд касацыйнай скаргі лідэраў “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, 21 чэрвеня а 10.00 – Паўла Севярынца, Ірыны Халіп і Сяргея Марцалева, 24 чэрвеня а 10.00 – Алеся Кіркевіча, Паўла Вінаградава, Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі.

 

Наступным выступіў Аляксей Шэін, які прадставіў план дзейнасці БХД у абарону свабоды сумлення. У прыватнасці, разам з цэрквамі і грамадскімі арганізацыямі плануецца працягнуць кампанію па зборы подпісаў за адмену артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

 

Надалей выступіў Дзяніс Садоўскі, які распавёў пра мерапрыемствы, што плануюцца разам з цэрквамі і грамадскімі арганізацыямі правесці ў абарону жыцця: пікеты, распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, правядзенне семінараў і гэтак далей. Таксама плануецца працягваць кампанію “Пакаянне”. “Для БХД  абарона чалавека заўсёды ўяўляе вялікі інтарэс незалежна ад палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне”, – адзначыў ён.

Болей навін