ЕС замарожвае рахункі трох беларускіх кампаній

20 чэрвеня 2011 18:03  |  Навіны

Урады краін Еўрасаюза дамовіліся аб эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі. Яны вырашылі замарозіць рахункі трох кампаній, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку і дадаць кіраўнікоў гэтых кампаній у спіс неўяздных у Еўрасаюз. У бліжэйшы час санкцыі могуць закрануць “Белнафтахім” і “Беларуськалій”.

 

Як паведамляе Рэйтэр са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ў ЕС, урады краін Еўрасаюза сёння дамовіліся аб эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі. Чакаецца, што афіцыйна рашэнне Савета будзе агучана на прэс-канферэнцыі ў бліжэйшыя гадзіны.

Акрамя таго, Савет ЕС прыняў рашэнне дадаць некалькі беларускі бізнесменаў у спіс беларускіх грамадзян, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС.

Рашэнне распрацавана з мэтай “узмацніць фінансавы ціск на ўрад, каб ён спыніла душыць апазіцыю”, гаворыцца ў паведамленні Рэйтэр.

Сёння сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася ў Люксембургу на чарговай сесіі Савета ЕС, прысвечанай замежнай палітыцы. Старшынствуе на сесіі вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

17 чэрвеня брусельскі сайт EUobserver паведамляў, што Савет ЕС можа забараніць прадпрыемствам беларускага бізнесмена Уладзіміра Пефціева, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі, весці бізнес на тэрыторыі Еўрасаюза. Гаворка ідзе пра аператара па знешніх пастаўках ваеннай і спецтэхнікі “Белтэхэкспарт” і аператара рэспубліканскай латарэі “Спорт-пары”. Трэцяе прадпрыемства журналісты сайта ідэнтыфікавалі як “Белтэлекам”, але, верагодна, маецца на ўвазе інвестыцыйная фірма “БТ Тэлекамунікацыі”.

Паводле інфармацыі сайта, міністры плануюць апублікаваць камюніке з заклікам да беларускіх уладааў вызваліць карэспандэнта польскага выдання Gazeta Wyborcza Андрэя Пачобута. У адваротным выпадку Беларусь не зможа разлічваць на новыя крэдыты, а эканамічныя абмежаванні могуць закрануць такія кампаніі, як “Белнафтахім” і “Беларуськалій”, піша БелаПАН.

Болей навін