У Горках затрымалі каля 20 чалавек, у тым ліку сябраў БХД (Відэа)

02 жніўня 2011 15:55  |  Галоўныя навіны

Супрацоўнікі міліцыі Горак 2 жніўня затрымалі каля 20 чалавек, якія прыехалі ў горад патрабаваць сустрэчы зняволенага ў мясцовай калоніі Змітра Дашкевіча з адвакатам. Сярод затрыманых – каардынатар аргкамітэту БХД па Берасцейскай вобласці Зміцер Шурхай і іншыя сябры аргкамітэту.

 

“Ля калоніі хлопцы сталі з расцяжкай “Спыніце пераслед!”. Да іх падбеглі міліцыянты і супрацоўнікі калоніі, яны здолелі забраць і парваць расцяжку, але нікога не забіралі. Затым праз некаторы час пад’ехаў аўтазак, у які пачалі саджаць людзей. Хутчэй за ўсё, нас павязуць у Горацкі РАУС”, – паведаміў з аўтазаку Зміцер Шурхай.

 

З яго словаў, сярод затрыманых таксама актывіст БХД Яўген Скрабец, маладафронтаўцы Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Іван Шыла, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба і іншыя.

 

Як паведаміў прэс-службе БХД Мікола Дземідзенка, затрыманых даставілі ў Горацкі РАУС, але пакуль яны працягваюць заставацца ў аўтазаку.

 

Паводле інфармацыі з Горацкага РАУСа, на затрыманых актывістаў былі складзеныя пратаколы па адміністрацыйным артыкуле 23.34 за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усе яны застануцца на ноч у Горацкім РАУСе, а заўтра ў 9-00 у Горацкім судзе распачнецца адміністрацыйны судвы працэс. Адрэса суда ў Горках вул. Сурганава, 14.

 

Сябры БХД заклікаюць усіх неабыякавых людзей, у каго ёсць магчымасць, прыехаць у Горкі і падтрымаць актывістаў у судзе.

 

Відэа праграмы “Аб’ектыў” тэлеканала “Белсат”

 

 

Болей навін