Поўная адсутнасць крэатыву

02 жніўня 2011 23:08  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Сёлета  9 мая Украіна абышлася без вайсковага параду. На Дзень незалежнасці ў жніўні ў Кіеве, Керчы, іншых гарадах парад войскаў таксама не прадугледжаны. Хаця ў краіны-суседкі няма такіх праблем з эканомікай, як у Беларусі.

Тутэйшы Дзень незалежнасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў даўно мяне здзіўляе. Як і наш закасцянелы дзень Перамогі. Гора-ідэолагі не здолелі неяк развесці гэтыя святы ў грамадскай свядомасці;  нязменныя атрыбуты святкавання  — гімнасцёркі і страляніна на экранах, парады і ўрадавыя канцэрты, стомленыя твары ветэранаў падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Ды не патрэбны старым, слабым ужо людзям вашы канцэрты і ваенізаваныя шэсці! Іх напружваюць  тэлекамеры, стамляюць шматлюддзе ды гучная музыка. Ім бы пасядзець разам за агульным сталом, паўспамінаць, пагутарыць, расказаць пра ўнукаў і праўнукаў…

У сярэдзіне 90-ых я назірала, як у рэстаране аднаго нямецкага горада сабраліся армейскія ветэраны з жонкамі. Нам патлумачылі, што гэта традыцыйны збор, даніна павагі адстаўнікам з высокімі званнямі. Усе былі ў форме, па-ранейшаму падцягнутыя, з роўнымі спінамі, з годнымі тварамі. Падумалася: вось бы беларускім уладам пераняць вопыт: выказваць пашану заслужаным людзям без назойлівых камер і пампезных відовішчаў, цёпла, па-чалавечы. А на сённяшні дзень, да таго ж, і сродкаў шкада, якія ўбухваюцца дзеля дэманстрацыі дзяржаўнай моцы і патрыятызму. Ніхто не пераканае мяне, што ў такой дэманстрацыі ёсць пільная неабходнасць. Наадварот, бяздушная афіцыйшчына не патрыятызм пасее ў душах моладзі, а толькі адштурхне. Поўная адсутнасць крэатыву ва ўладзе – кепская прыкмета. Яна якраз і паказвае сапраўдныя адносіны высокіх чыноў да “чырвоных дат календара”, звязаных з другой сусветнай.

Мінскае начальства не зыбылася і пра сумны след першай сусветнай вайны. Цікава было б даведацца, хто атрымаў шалёны заказ на гранітную – грувасткую і пампезную – агароджу тэрыторыі былых могілкаў на Старажоўскай. Праўда, двухгаловых арлоў на тумбах усё ж знялі (каб яны вачэй не мазолілі і не выклікалі лішніх пытанняў). Праект добраўпарадкавання, трэба разумець, на розных узроўнях абмяркоўвалі, разглядалі, падпісвалі, аднак атрымалася тое, што атрымалася. Няўжо ў шматлікіх кабінетах і ўстановах не знайшлося чалавека, які б падняў голас супраць? Дзесяць адсоткаў ад сумы хапіла б на паляпшэнне ўмоў якога-небудзь занядбанага дома састарэлых. Нават пры станоўчых намерах можна заставацца ў межах здаровага сэнсу і  не чэрпаць так шчодра з бюджэтнай кішэні. Тут, скажу прама, папахвае нечай асабістай зацікаўленасцю.

…Час лечыць раны. Час прытупляе боль стратаў. Час зварочвае наш позірк у бок будучыні. Шмат што адбылося пры жыцці аднаго толькі нашага, пасляваеннага пакалення: перабудова, Чарнобыльская бяда, распад СССР… Беларусь як бы лічыцца незалежнай, гэта любяць падкрэсліваць у прамовах і заявах. Чаму тады не распрацаваны нацыянальныя сцэнары, не створаны новыя традыцыі? Не лічыць жа “здабыткам  рэспублікі” ганебную “Лінію Сталіна”! Нельга бясконца трымацца за жалезабетонныя савецкія ідэалагемы, маліцца камуністычным ідалам, кланяцца чужым сталіцам. Маскоўскія могілкі, маскоўская аўтастанцыя, маскоўская лінія метро, а ў процілеглым баку горада – яшчэ і Маскоўская вуліца. Дык можа двухгаловых арлоў на Старажоўскай знялі дарма?

Болей навін