Паўлу Севярынцу не дазваляюць наведваць царкву

15 жніўня 2011 14:09  |  Палітыка

Заяву сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца, які знаходзіцца на “хіміі” ў вёсцы Купліна Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці, аб штотыднёвым наведванні царквы пакуль не падпісалі.

 

“Думаю, што гэтае рашэнне не залежыць ад начальніка спецкамендатуры, а прымаецца вышэй. Можна, канечне, штонядзелі адпрошвацца ў лазню (бо душу ў камендатуры няма), а хадзіць у царкву. Але таксама, даюць толькі тры гадзіны: гадзіну да Пружанаў, гадзіну назад, не паспяваеш нават адбыць літургію. Калі не даюць наведваць царкву – гэта прамое парушэнне права на свабоду сумлення і закона “Аб свабодзе веравызнання”,  – адзначыў Павал Севярынец.

 

Сустаршыня БХД таксама паведаміў, што яго звазілі на машыне на медагляд у Пружаны. “Было некалькі гасцей, з якімі меў магчымасць пагутарыць у альтанцы на ўваходзе ў спецкамендатуру”, – паведаміў ён.

 

Кіраўніцтва спецкамендатуры таксама пакуль не дае ўладкавацца Паўлу Севярынцу па спецыяльнасці. “Я вельмі ўдзячны мясцовым людзям, якія тэлефануюць, выказваюць словы падтрымкі і прапануюць дапамогу, працаўладкванне па маіх спецыяльнасцях інжынер-геолаг, пісьменнік, журналіст, мастак”, – падкрэсліў палітвязень.

Болей навін