За Змітром Шурхаем сочаць спецслужбы

24 жніўня 2011 23:01  |  Палітыка

Берасцейскі абласны каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Зміцер Шурхай упэўнены, што за ім сочаць супрацоўнікі беларускага КДБ. Пра гэта ён 24 жніўня паведаміў прэсавай службе БХД.

 

На такую думку Змітра Шурхая падштурхнуў той факт, што да яго ў вёску, куды ён прыехаў упершыню за паўгады, прыйшоў участковы, які нагадаў, што актывісту трэба 25 жніўня з’явіцца на суд у Горках, а таксама папрасіў яго падпісаць, што ўведамлены аб гэтым і ў выпадку непрыезду ў Горкі будзе дастаўлены туды гвалтам. Апроч таго, міліцыянт папрасіў Змітра Шурхая з’ехаць назад у Берасце, бо праз яго могуць узнікнуць праблемы.

 

“На маё пытанне, чаму ён да мяне прыйшоў, участковы паведаміў, што ведаў, што я ў вёсцы. Яму пра гэта патэлефанавалі. Усё гэта сведчыць пра тое, што за мной пільна сочаць, адсочваюць кожны мой крок. Я прыехаў да бацькоў на тыдзень, каб адпачыць, але мяне і тут знайшлі. КДБ таксама адсочвае судовы працэс у Горках і вельмі зацікаўлены ў яго рашэнні не на маю карысць”, – паведаміў Зміцер Шурхай.

 

25 жніўня над актывістам за акцыю салідарнасці са Змітром Дашкевічам 2 жніўня павінен адбыцца суд у Горках. Разам з тым ён паведаміў, што туды не паедзе, а дашле па факсе паведамленне, што на такую далёкую дарогу няма сродкаў, а таксама папросіць перанесці разгляд справы ў Берасце па месцы яго жыхарства.

Болей навін