На фоне заяваў пра дыялог у Менску забаранілі канцэрт “Нейра Дзюбель”

29 жніўня 2011 19:31  |  Палітыка

На фоне заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб магчымым дыялогу з апазіцыяй, ЕС і Расіяй у Менску 29 жніўня ў клубе “Графіці” адмянілі канцэрт гурту “Нейра Дзюбель”, які ўваходзіць у спіс забароненых беларускіх музычных выканаўцаў.

Наведвальнікаў на дзверах клубу сустракаў надпіс, што па тэхнічных прычынах канцэрт не адбудзецца. Канцэрт, як паведамляецца, перанесены на верасень, грошы за квіткі на яго не вяртаюць.

 

“План па знішчэнні беларускай культуры працягвае дзейнічаць. Пакуль найлепшыя беларускія музыкі знаходзяцца пад забаронай, па ўсіх каналах гучаць безталентныя людзі, якія толькі і ўмеюць, што добра прыніжацца. Улада кажа пра дыялог з апазіцыяй, але апазіцыя – гэта не толькі клуб палітычных дзеячоў, якія кажуць пра сваё нацыянальнае лідарства. Апазіцыя – гэта мільёны беларусаў, якія незадаволены палітыкай беларускіх уладаў”, – адзначыў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

 

“Пакуль у краіне працягваюцца рэпрэсіі супраць нязгодных, пра ніякі дыялог гаворкі быць не можа. Рэальны дыялог – гэта дыялог з беларускім народам, гэта свабоднае дзеянне для тых, хто нязгодны з дзейснай уладай”, – падкрэсліў сустаршыня БХД. 

Болей навін