Севярынец: спачатку мыюся, а пасля іду ў царкву

01.09.2011, 09:39  |  Навіны » Палітыка

Палітвязень, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Павал Севярынец расказаў Еўрарадыё пра свой быт на «хіміі».


Еўрарадыё: Як вашая праца? Ці ўсё добра ідзе?

 

Павал Севярынец: Дзякуй богу. Стараюся асвойваць тэхніку, запчасткі, сустракаю шмат цікавых людзей. Бо закупаць запчасткі сюды на склад прыязжаюць людзі з усяго наваколля. Многія ведаюць, чыталі, размаўляюць. І ў працоўны час шмат гасцей і шмат людзей прыязжаюць ужо ў камендатуру.

 

Еўрарадыё: Ці атрымалі вы дазвол на наведванне царквы?

 

Павал Севярынец: Так,мы дамовіліся з начальнікам, што ён дае дазвол на і царкву і на лазню на чатыры гадзіны штонядзелі. Для гэтага трэба пісаць адмысловую заяву, але штонядзелі я цяпер магу наведваць царкву. Мыюся я ў знаёмых, адна вельмі добрая сям’я прапанавала мыцца, бо лазня адчыняецца ў дзесяць. Так што спачатку мыюся, а потым у царкву.

 

Еўрарадыё: Наколькі складаныя побытавыя ўмовы ў вас?

 

Павал Севярынец: Гарачай вады няма. Тая, што ёсць – жалезістая, фільтруем яе. Але людзі жывуць паўсюль. Тут больш за сто чалавек адбывае тэрмін.

 

Еўрарадыё: Пераключаючыся на палітыку, на вашую думку ці варта апазіцыі ўдзельнічаць у круглым стале?

 

Павал Севярынец: Да тых пор пакуль не вызваленыя палітвязні, зразумела, ніякіх круглых сталоў быць не можа. А што датычыцца развязвання сітуацыі ў цэлым, калі Лукашэнка пойдзе на круглы стол дзеля абмеркавання будучыні Беларусі і перадачы ўлады, то гэта сітуацыя падобная на польскую ў часы Ярузэльскага – канешне, на такі круглы стол ісці варта. Іншае пытанне – наколькі рэальны сам такі круглы стол, хутчэй за ўсё Лукашэнка на яго не пойдзе.

 

Еўрарадыё: А калі кошт круглага стала абмяжуецца толькі вызваленнем палітзняволеных і прыгожай карцінкай для захаду?

 

Павал Севярынец: Магу сказаць, што большасці палітвязняў зараз значна цяжэй чым мне. і думаю, што іх сваякі і яны самі чакаюць вызвалення значна больш. І думаю, што калі б вынікам такога круглага стала і такой размовы было б вызваленне палітвязняў – думаю што гэта было б слушна. Але я слаба веру – думаю што гэта было звязана з крэдытам МВФ, або з чарговым прамацваннем глебы. Лукашэнка час ад часу гаворыць на вецер.

Навіны па тэме