Лядоўні

01.09.2011, 10:04  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Бель, бляск, стэрыльная чысьціня й  халадок абсалюту – яшчэ адзін сьвежы, арыгінальны й паўсюдны вобраз Беларусі.

 

"Мінск" або "Атлянт", цуда тэхнікі, якое ператварае электрычную энэргію ў холад – лепшая лядоўня на постсавецкай прасторы. Такая сабе маленькая Беларусь у кожным доме.

 

Сучасныя "Атлянты", зробленыя пад "Philips" або  "Siemens", але нашмат таньнейшыя, у краінах былога Савецкага Саюзу, а таксама Нямеччыне, Францыі, Велікабрытаніі, Аўстраліі ідуць "на ура". Выраб – 800 тысячаў штук на год, экспарт – 650 тысячаў! Лядоўня, галоўны сэйф спажывецкае цывілізацыі, захоўвае харч ад псуцьця, зьмяшчае поўны набор агульначалавечых каштоўнасьцяў і сымбалізуе сабою дабрабыт, сацыяльны аптымізм ды надзею на будучыню.

 

Зь Беларусі, як зь лядоўні, СССР даставаў, калі трэба, мяса, каўбасы, масла й малако. У Беларусі, як у маразільні, складваліся доўгатэрміновыя запасы харчаваньня на выпадак наступальнае танкавае апэрацыі на Захад. У сьветлую й чысьценькую Беларусь, як у камэру моргу на захаваньне адпраўляліся схаладнелыя вайсковыя адстаўнікі, гэбісты пэнсійнага ўзросту й палітычныя трупы з усяго сацлягеру.

 

Белы, іскрысты й таемны куточак, які зьмяшчае найчысьцейшую беларускасьць і найсьвяжэйшую славяншчыну – такі прыемна мець у хаце любому расейцу, украінцу або баўгарыну.

 

Можа, таму менавіта ў Беларусі, у засьнежанае Белавескае пушчы, зімой 1991 г. быў пакладзены канец халоднай вайне? Можа быць, таму Беларусь цяпер так павольна  адтайвае? Можа, таму маладых патрыётаў, якія выходзяць на вуліцы пад бел-чырвона-белым сьцягам, тут прынята называць адмарозкамі?

 

Зямля, створаная ледавіком, край балотнае кансэрвацыі, азёрнае прахалоды й пякучых крыніцаў; губэрнатарства аўтара знакамітага "Ледзянога дому", абшар лядовых палацаў у кожным абласным цэнтры, краіна студняў, склепаў і халадцу са сьвіных ножак – напэўна,  самае месца, каб рабіць найлепшыя ў Эўропе лядоўні. 

Навіны па тэме