Беларуская глыбіня

08.09.2011, 07:47  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, БХД, Грамадства, Культура

 

"Ён адкрывае глыбокае і стоенае, ведае, што ў змроку, і святло жыве з Ім" Данііл 2:22
Наколькі расійская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая. Піша палітвязень, сустаршыня БХД Павал Севярынец.

 

 

У турме адзін мудры чалавек сказаў мне: «Не пытай сябе ў няволі — «За што?». Спытай — «Дзеля чаго?».

 

Дзеля чаго Госпад дае табе крыж часу і прасторы, новы пачатак каардынатаў у жыцці, новых людзей, новыя вобразы і падабенствы Свае? Чым ачысцяць, адновяць і напоўняць яны тваё сэрца?


У параўнанні з Малым Сітнам у Купліне святлей. Больш сонца: як-ніяк, паўтысячы кіламетраў на поўдзень. Раённыя Пружаны чысценькія, вымеценыя, у кветачкі. Святлейшы лес — не елка ды хвоя, а ясень, бяроза, таполя, дуб, клён. Святлейшыя вочы —
тут усё-такі Заходняя Беларусь, няма сіценскага адчаю. Святлей ад жывое веры і мовы. Светла ў царкве — ад белых галоваў мужыкоў і дзяцей.


І глыбіня.


«Шырокая руская душа, — сказаў праз Івана Карамазава найглыбейшы расейскі пісьменнік і беларус Дастаеўскі, чыё родавае гняздо Дастоева ў гадзіне язды ад Купліна, — я б звузіў».


Дык вось, наколькі расейская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая — як беларуская пакута, беларускае цярпенне, беларускае балота. Беларусы, у адрозненне ад расейцаў, украінцаў, палякаў, — інтраверты, заглыбленыя ў сябе. Таму беларуская глыбінка — гэта не правінцыя. Багна? Бездань? Глыбіня.


Тут — патаемная глыбіня: пад Белавежскай Пушчай у савецкія часы размяшчаліся стратэгічныя аэрадромы, нацэленыя на Еўропу. У самай такой беларускай глыбіні без адзінага стрэлу зруйнавалі найвялікшую імперыю зла: Віскулі таксама ў Пружанскім раёне.


Увогуле, гэта берасцейскае наваколле паміж Палессем і Літвой, паміж Белавежай і Выганашчанскімі балотамі — Пружаны, Бяроза, Івацэвічы, Кобрын — глыбокае. Глыбокае, як магутнасць роду Сапегаў, чый замак у Ружанах уражвае падзем’ямі ў некалькі паверхаў, прызначанымі для вялікалітоўскіх скарбаў;

як унікальны тэнар Міхася Забэйды-Суміцкага, ураджэнца тутэйшых Шэйпічаў; як тысячы народных мелодыяў са збору пружанца Рыгора Шырмы;

як балады Андрэя Макарэвіча з «Машыны часу», чые дзяды з ваколіцаў Малеча; як 600 тамоў прозы Юзафа Крашэўскага, чый род калісьці валодаў Старым Куплінам;

як хрыплы крык, вырваны з самага сэрца Уладзіміра Высоцкага, чые продкі — з Сяльца Бярозаўскага раёна;

як верлібры Алеся Разанава (з таго ж Сяльца);

як бас Анатоля Папанава, вязня з «Халоднага лета 53-га» і «ваўка» з мультфільма «Ну, пачакай!», чыя матуля перадала сыну непаўторна ёмісты тутэйшы выгавар; як пераклады Васіля Сёмухі з блізкага хутара Ясенец, асабліва калі чытаеш Слова Божае ў Сёмухавым перакладзе;

як вера ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (мястэчка Поразава адсюль рукой падаць), аднаго з заснавальнікаў БНР і БХД, таго самага ксяндза, што распачаў імшу па-беларуску і быў расстраляны ў Трасцянцы гестапаўцамі ў ноч на Раство 1942 г.;

як веданне Бібліі беларускімі баптыстамі, чыёй сталіцай ёсць Кобрын;

як удых волі Тадэвуша Касцюшкі з Мерачоўшчыны, за паўсотні кіламетраў адсюль;

як мясцовыя тарфяныя балоты, у адным з якіх, Гатча-Восаўскім, знайшлі адзінае ў Беларусі прамысловае радовішча бурштыну;

як пружанскі антыалкагольны рух сялянаў 1846—1848 гг., што перакінуўся на суседнія губерні;

як здрада Азефа, ураджэнца вёскі Лыскава, кіраўніка баявой арганізацыі эсэраў, які арганізоўваў забойствы вышэйшых чыноў імперыі і адначасова «здаваў» паплечнікаў;

і, урэшце, як бездань падзення курса беларускага рубля пасля сыходу пружанскага вылучэнца, Пятра Пятровіча Пракаповіча...

 

І вось Госпад дае акунуцца ў гэтую глыбіню — акунуцца разам з сотнямі насельнікаў куплінскай «хіміі», наведнікамі і міліцыянтамі.

 

Глядзіш у вочы юным беларусам, у бяздонныя вочы пакалення незалежнасці, бачыш будучыню, што пакутуе, п’е да анабіёзу, перакідаецца мацюкамі і мроіць пра шчасце — і аж правальваешся, колькі тут глыбока роднага і глыбока чужога!

 

Дзеля чаго — ёсць час падумаць. Час адкрыць новыя цуды ў звыклым, забытым і занядбаным. І зразумець, што сённяшнім нашым беларускім скрыжаваннем часу і прасторы валодае не Лукашэнка і не Расійская імперыя, а Сам Госпад Бог.

 

* * *

 

Павал Севярынец, палітык, пісьменнік, заснавальнік Маладога Фронту і сустрашыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, асуджаны на тры гады «хіміі» па справе так званых «масавых беспарадкаў» — пратэстаў з патрабаваннем дэмакратыі і справядлівасці, што адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня 2010 года. Адбывае пакаранне ў Купліне Пружанскага раёна.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме