БХД віншуе ўсіх беларусаў з Днём беларускай вайсковай славы!

08 верасня 2011 13:42  |  Галоўныя навіны

Кіраўніцтва і сябры аргкамітэту партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя шчыра віншуюць усіх беларусаў з Днём беларускай вайсковай славы і запрашаюць адзначыць славутую перамогу пад Воршай разам з легендарным беларускім бардам, заснавальнікам бардаўскага фэста “Бітва пад Воршай” Андрэем Мельнікавым. Імпрэза распачнецца ў 18-30 па адрасе Кульман, 4 (сядзіба прафсаюза радыё-электроннай прамысловасьці). Шчыра запрашаем! Слава Воршы ўжо не горша. Слаўся князь Астрожскі!

У праграме святкавання: 

– выступ Андрэя Мельнікава;

– прэзэнтацыя і прагляд фільма, прысьвечанага Бітве пад Воршай;

– конкурсы і падарункі ды іншыя сюрпрызы.

“Нацыі, якая не шануе сваіх герояў, наканаванае знішчэнне. Прыклад мужных змагароў, якія коштам свайго жыцця баранілі сваю краіну скрозь усе стагоддзі, і сёння натнхяе нас ў змаганні за незалежнасць і свабоду Беларусі. Сёння мы віншуем усіх беларусаў са святам і заклікаем браць прыклад вернасці Богу і Бацькаўшчыне з такіх выбітных нашых продкаў як Канстанцін Іванавіч Астрожскі “, – сказаў у інтэрвію БХД сусташыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Амаль паўтысячагоддзя таму на Раство Багародзіцы 8 верасня 1514 года на рацэ Крапіўна пад Воршай адбылася славутая перамога 30-тысячнага войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Іванавічам Астрожскім над амаль ўтрая пераўзыходзячам яго войскам маскоўцаў. Праваслаўны хрысціянін гетман Астрожскі перад бітвай маліўся, каб Гасподзь дараваў яму перамогу, і Бог пачуў ягоныя малітвы. 

 

Бітва пад Воршай была прызнаная адной з найбуйнейшых у Еўропе ў пачатку ХVІ стагоддзя, увайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі як узор удалай тактыкі змагання з нашмат большымі сіламі ворага. У гонар гэтай славутай перамогі і самога гетмана Астрожскага пісаліся вершы і панегірыкі нават у Рыме, складаліся песні, была напісаная славутая батальная карціна з адлюстраваннем усіх эпізодаў сечы, дзе можна ўбачыць дзяржаўны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні, а на дзідах літвінскай кавалерыі  – белыя сцяжкі з чырвонай паласой на белым тле, прататып бел-чырвона-белага сьцяга.

 

У 1992 годзе ў дзень гадавіны бітвы пад Воршай на плошчы Незалежнасці ў Менску адбылася прысяга беларускіх вайскоўцаў на вернасць свайму народу. З пачатку 90-х беларуская грамадскасць святкуе 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы.

Болей навін