ДЫК ГАРАЧЫЯ МЫ АЛЬБО ЦЁПЛЕНЬКІЯ?

22.09.2011, 17:27  |  Блогі » Блог Галіны Каржанеўскай

Ёсць на нашым ТВ цікавае шоу пад назвай “Распяканне падначаленых”.  Для гэтага шоу, як і для распякання, асаблівай нагоды не патрабуецца. Памяркуйце: ну што для нашага затурканага насельніцтва  якіясь дзьюці-фры і дзе іх размяшчаць? Ды цьфу на іх, на гэтыя “дзьюці”! Тут бы мяса купіць у краме, а не кулінарыю за астранамічную цану!

 

Затое як гневаецца Самі Ведаеце Хто! Якія грамы і маланкі публічна пасылае на схіленыя  галовы салідных дзядзькоў з партфелямі! Адразу відно: хварэе душой за просты народ.

Наконт нейкага “сіці”, зноў жа, зазлаваў не на жарт. Як быццам у гэтых  раскошных “сіці” жыць будуць тыя, што дзесяцігоддзямі стаяць у чарзе на дзяржаўнае жыллё.

 

Па ўсёй сталіцы набудавана процьма агромністых гандлёвых цэнтраў, якія там і тут засцяць неба. Памерамі яны больш падобны на саборы Санкт-Пецярбурга. Рэлігія ў нас з’явілася новая: культ залатога цяльца. Сярод яе адэптаў шмат люду не мясцовага паходжання. Яны проста рады палавіць рыбку ў мутнай вадзе – ў краіне татальнай хлусні і вялікага бяспраўя.

 

Дарэчы, пра рэлігію. Згадваецца аповяд адной грамадска актыўнай дзяўчыны. Пасля разгону Плошчы да яе звярталіся знаёмыя вернікі з пытаннем, як можна дапамагчы зняволеным. Прычым каталікі і пратэстанты прама выказвалі сваё бачанне і ацэнку падзей, а праваслаўныя паводзілі сябе ўхіліста, адводзілі пагляды. Як быццам спачувалі і асуджалі адначасова. Дык гарачыя мы альбо цёпленькія? І хто сказаў, што ў клірыкаў і прыхаджан не павінна быць выразнай грамадзянскай пазіцыі? Няўжо сапраўды, як пісаў у “Літаратурнай Беларусі” Ігар Тумаш, візантыйская традыцыя абагаўлення любой улады прапітала ўсе поры праваслаўя, увайшла ў яго плоць і кроў. (З-за чаго даўно пакутуе і сама “святая Русь”.)

 

Нездарма хрысціянскія дэмакратыі заходняй Еўропы абапіраюцца менавіта на каталіцкія і пратэстанцкія канфесіі. Чырвоны касцёл традыцыйна збірае жыхароў Мінска на супольную малітву за беларускі народ. Група вернікаў поўнаевангельскай царквы “Новае жыццё” распачала хатнюю малітву - за мужчын, якія трапілі ў пастку алкагольнай залежнасці;  за жанчын, каб яны ўсведамлялі сваю ганаровую місію; за ўсіх, хто нарадзіўся і хоча нарадзіцца на нашай зямлі, за трываласць сем’яў. Лідар царквы Вячаслаў Ганчарэнка звярнуўся з кароткім і паважлівым лістом да начальніка Горацкай калоніі ў абарону Зміцера Дашкевіча. А мы, праваслаўныя, завяжам хусцінкі, апусцім вочы долу і будзем маліцца выключна за ўратаванне ўласнай душы…

 

Сярод беларусаў, веруючых і няверуючых, нямала такіх, у якіх адсутнічае грамадзянскі нерв, якім проста “не баліць” усё, што звязана з палітыкай і грамадскім жыццём. У астатнім яны могуць быць зусім някепскімі людзьмі. Яны зарабляюць свой хлеб надзённы і гадуюць дзяцей. Словы “каштоўнасці” і “перакананні” не з іх лексікона. Аднак у адказныя для нацыі моманты хваля пратэсту здольна падняць і іх, а культура і асвета  – прасвятліць іх розумы.

 

Я аднойчы прызналася  настаяцелю аднаго мінскага сабора, што не разумею, у якой меры можна ўмешвацца ў жыццё. “Калі з чыстым сэрцам – у якой заўгодна”, - адказаў ён.

 

P.S.  Аўтар свядома завастрыла некаторыя моманты і запрашае ўсіх нераўнадушных да дыскусіі.

Навіны па тэме

Фото юзера Владислав
Владислав 04.10.2011
Похоже, среди православных действительно меньше общественно активных людей, чем в других конфессиях. В какой-то мере это результат коммунистической «селекции» (активные долго не жили), поэтому интересно было бы сравнить с другими странами Европы.
Но думаю, что причина еще и в исходной посылке православных: «не доверять своему сердцу, своим помыслам и чувствам». Установка эта правильная и лежит в русле святоотеческой традиции. Она предполагает, что необходимо изъять бревно из своего глаза, чтобы понять, как удалить сучок из чужого. Можно предпринимать все, что подсказывает чистое сердце, но… насколько оно чисто?
Вместе с тем, эскапизм – это тоже как-то не по-православному. Не лучший способ проявить смирение - называть черное белым, участвовать в беззакониях или делать вид, что мы их не замечаем. Мы не можем учить своих детей лгать, приспосабливаться и вступать в «октябрята» (ну и название!). В общем, надо, по слову Солженицына, «жить не по лжи».
Итак, проблема, ставшая уже традиционно болезненной для православного осмысления истории. Были мученики, обличавшие царей – и был Иоанн Дамаскин, «сотрудничавший с оккупантами». Были Маккавеи и Предтеча – и были пророки, предостерегавшие израильтян от выступления против вавилонского царя. Был митрополит Филипп, не боявшийся Грозного, - и патриарх Григорий, анафематствовавший греческих повстанцев. Как сказал апостол, «духовный судит обо всем, а о нем судить никто не может». Так попросим Святого Духа, чтобы вразумил и просветил.