Севярынцу толькі намякалі, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні

28 верасня 2011 14:18  |  БХД

Сустаршыня аргкамітэтуі БХД, палітвязень Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў спэцкамэндатуры каля вёскі Куплін Пружанскага раёну, паведаміў, што яму толькі намякалі, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні.

Севярынец патлумачыў, што яго надта не ўгаворвалі, бо разумелі, якой будзе рэакцыя вязьня: “Так, адміністрацыя камэндатуры намякала мне пару разоў, але, бачачы маю рэакцыю, разумелі, што ня варта са мной весьці такіх размоваў. Казалі мне, што, маўляў, вы ж ведаеце, што можаце аблягчыць свой стан, на што я ім адразу ж адказаў, што далей могуць і не працягваць, бо я й так усё ведаю, таму як Бог дасьць, так і будзе. На гэтым такія прапановы і заканчваліся”, — заявіў Севярынец.

Палітзьняволены кажа, што не зьбіраўся і не зьбіраецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Павал Севярынец таксама распавёў, што атрымаў першы заробак за 11 дзён працы ў жніўні ў фэрмэрскай гаспадарцы “Бардо” — 384 тысячаў рублёў.

У “Бардо” сустаршыня аргкамітэту БХД працуе рознарабочым на складзе запчастак.

16 траўня Павал Севярынец, які падчас выбараў 2010 году кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Болей навін