Беларуская глыбіня. Каменда

30 верасня 2011 22:16  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

….прапаведаваць палонным вызваленне, сляпым празрэнне, адпусціць спакутаваных на свабоду. Лк 4:18.  

 

Лісты з ссылкі. Піша палітвязень, сустаршыня БХД Павал Севярынец.


Спецкамендатура №7, або, прасцей, каменда — былая савецкая казарма ў колішнім вайсковым гарадку. Саўком, пахаваным дваццаць гадоў таму зусім непадалёк, у Віскулях Пружанскага раёна, тут тхне дагэтуль. Ужо на ўваходзе лёгкія да самых глыбіняў напаўняюцца камунальным духам агульнага карыстання, уласцівым рабочым інтэрнатам ды маласямейкам. «Ленінскі пакой» з партрэтам Лукашэнкі, чырвона­зялёным сцягам і гімнам пра гэты самы «радасцісцяг» нудзіць пылам старых тамоў эпохі застою, ад Чарнышэўскага да Чаргінца. У кухні па-над умывальнікам, калі возьмешся спаласнуць твар жаўцявай вадзіцай, б’е ў нос прысмак ржавага металу і крыві. Балотнае жалеззе. «Хімія» з такім знаёмым савецкім пахам арганічна спалучаная з КДБ, вуліцай Карла Маркса, «лініяй Сталіна» ды іншай савецкай спадчынай.

Каменда — двухпавярховы казённы дом з закратаванымі вокнамі; перад уваходам — дзве альтанкі (камеры назірання выведзеныя ў дзяжурку). Тры дзясяткі пакояў: кабінеты міліцыянтаў, кухні ды інтэрнацкія пакойчыкі змяшчальнасцю ад двух на сямі чалавек. Наш — на трох: ложкі, тумбачкі, стол. Сярод сотні асуджаных у асноўным маладыя хлопцы — берасцейскія, баранавіцкія, пружанскія. Хтосьці за бойку, хтосьці за «хуліганку», хтосьці за нявыплату аліментаў. Людзі і размовы такія самыя, якія пачуеш у любым двары: маё пакаленне, пра якое спяваў Вольскі (дарэчы, N.R.M. тут можна пачуць з мабільніка часцей, чым чакаеш). Міліцыянты, у адрозненне ад жылістых «хімікаў», мужчыны мажныя і сабе наўме. Хтосьці пераконвае сябе, што змагаецца са злом; хтосьці стомлена гумарыць (пясчаны кар’ер — два чалавекі!.. Калі нехта вырашыў выпіць — пакой нумар такі, увага! — і не запрасіў вас — чакаем у дзяжурцы»); хтосьці механічна афармляе «нарухі» (парушэнні) з прычыны п’янкі або ўцёкаў дахаты і рыхтуе чарговаму «хіміку» дакументы на зону.

Дзяжурка з карцарам-клеткай. І званкі. Адзін — выклік днявальнага першага паверха. Два — другога паверха. Доўгі — на пераклічку.

6:00. Доўгі званок: пад’ём. 6:10 — пераклічка: уваткнуць сваё «тут» сярод бясконцых «здесь» у адказ на прозвішча і ісці кіпяціць ваду. Малітва. Біблія. Сняданак. Дзынькнуць ключыкам на шчыце ў дзяжурцы, абмяняць пропуск на табель і праз рэзкі, да спіннога мозгу пранізлівы віск жалезных кратаў у дзвярах — на працу.

Каменда, як і любая няволя, сцінае і калечыць час, выхоўвае ўмоўныя рэфлексы, прымушае слых вылоўліваць староннія шоргаты і шэпты, супастаўляць міліцэйскія позіркі з размовамі суседзяў. Каменда прымушае жыць у Беларусі Абмежаванай Волі.

Абмежаванне волі скразіць тут у кожнай драбніцы. Выхад з каменды на агароджаную тэрыторыю — з дазволу дзяжурнага. Выхад у горад — праз заяву на імя начальніка (падпіша — не падпіша?). Тыя, хто застаюцца ў камендзе і не ідуць на працу, у першай палове дня мусяць зачыняць свае пакоі: абавязковы прагляд тэлевізара ў актавай зале. Кухні адчыняюцца і зачыняюцца паводле нейкага дзіўнага распарадку, адзінае разумнае тлумачэнне якому — прывучыць асуджаных, што без ласкі адміністрацыі нават супчыку сабе не згатуеш. Здаецца, што і перыядычныя адключэнні электрычнасці на нашым другім паверсе (афіцыйная версія — дзеля эканоміі) пераследуюць тую ж мэту. Прыбіральня адна (і можна здагадацца, ува што ператвараюцца чатыры «ачкі» без пісуараў, пад напорам ста мужыкоў). Памыцца ў камендзе няма дзе: пішаш заяву, каб наведваць лазню ў Пружанах.

Зрэшты, за ўсё дзякуеш Богу: Дашкевіч, Саннікаў, Статкевіч, Бандарэнка не маюць і гэтага.

Каменда — прыпынак між турмой і воляй. За гэты год было ўмоўна¬датэрмінова вызвалена 13 асуджаных і адпраўлена ў зону 16. Лік на карысць няволі. Людзі, вырваныя са свайго асяроддзя. Адбываюць. Церпяць. Зрываюцца. Цішком п’юць.

Каменда не толькі на мяжы волі, але і на мяжы веры. Першае, што мне кінулася ў вочы ў пакоі — драўлянае распяцце, кардонны абразок Збаўцы, абраз Маці Божай на покуці, сёлетні царкоўны каляндар і ўзятае ў рамку выданне Жыровіцкай абіцелі «Якім будзе чалавек без любові». Тут, на паўдарозе паміж усемагчымымі спакусамі ды кратамі, хлопцы то прыпыняюцца перад Богам, бо спадзяюцца «праскочыць».

Мой сусед Лёха, якога пару тыдняў таму за дзевяць «нарухаў», апрануўшы кайданкі, адправілі ў баранавіцкі ізалятар, казаў: «Жыву — грашу. Памру — адкажу».

І ўсё-такі ты ведаеш: гэтая загрузлая ў лясах савецкая выспа, і родныя беларускія хлопцы-«хімікі», і напружаныя дзядзькі-міліцыянты — дзеля таго, каб палюбіць Бога — усім сэрцам, усім розумам, усёй душою, усімі сіламі тваімі і бліжняга, як самога сябе. Палюбіць Беларусь. Глядзі, пазнавай: у стоеных, схаваных вобразах і падабенствах, сярод абразоў і кратаў, не заўважаны, апляваны, укрыжаваны, у асуджаных і наглядчыках, у сынах чалавечых, сынах беларускіх — прысутны Бог.

Болей навін