Тацяну Севярынец шукала міліцыя

10 кастрычніка 2011 13:01  |  Палітыка

Каардынатарку аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласці Тацяну Севярынец і Ірыну Яскевіч, якія праводзілі Народны сход у двары дамоў № 2 і № 4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага,  схавалі ў сваіх кватэрах мясцовыя жыхары. І ўжо позна ўвечары 8 кастрычніка, калі міліцыянты, якія пільнавалі ўсе падыходы і пад’езды, усё ж разышліся, арганізатаркі здолелі “выскачыць” з міліцэйскай аблогі.

“Мы паехалі на таксоўцы, і кіроўца заўважыў, што за машынай сочаць. Ён ацаніў сітуацыю правільна, праехаў некалькі разоў па колу, пераканаўся ў наяўнасці “хваста”, але не спалохаўся і дапамог нам унікнуць пераследу”, – ужо назаўтрараспавяла Ірына Яскевіч, старшыня аргкамітэту па правядзенні сходу ў Віцебску.

 

Яшчэ падчас самой імпрэзы “аколіцы кішма кішэлі супрацоўнікамі сілавых структураў у цывільным. Сярод тых, хто напоўніў вуліцы каля месца правядзення сходу, былі заўважаныя досыць вялікія чыны з ліку супрацоўнікаў упраўлення ўнутраных спраў. Шматлікія аператары органаў аховы правапарадку і КДБ здымалі ўсё, што адбываецца, на відэа. Аднак… людзей не чапалі – нават тады, калі натоўп некалькі разоў голасна выгукнуў “Жыве Беларусь!”, якое было чуваць далёка ад месца правядзення сходу”, паведамляе праваабарончы сайт “Віцебская вясна”.

 

Яшчэ падчас правядзення колішніх акцый “маўклівага пратэсту” віцебская міліцыя выпрацавала іншую тактыку: не хапаць актывістаў на вачох у астатніх мінакоў, дазволіць людзям разысціся – а потым ужо затрымліваць арганізатараў. Каб мець “доказы” іх віны, падчас Народнага сходу ўдзельнікаў здымалі на відэа патаемна – праз вокны бліжэйшай крамы.

Але гэтым разам схапіць арганізатараў не ўдалося – іх абаранілі самі людзі, якія сабраліся на сход. У час імпрэзы яны спачатку выказвалі прэтэнзіі да мясцовых уладаў, якія тычыліся  бытавых праблем: ім замінае “начная” крама побач з домам і яе нецвярозыя пакупнікі, тлум і бруд  ад “Славянскага базару”, ілюмінацыя, якая свеціць у вокны і аўтамабілі супрацоўнікаў аблвыканкаму, якія  ездзяць праз двор… Аднак паступова сход набыў палітычны характар: віцябляне патрабавалі ўключыць у рэзалюцыю патрабаванне вызваліць палітвязняў, адмяніць смяротнае пакаранне, зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай, вярнуць нацыянальную сімволіку і адправіць урад  у адстаўку. 

Болей навін