Павал Севярынец адмовіўся прызнаць віну ўзамен на перавод у Віцебск

15 кастрычніка 2011 17:20  |  Галоўныя навіны

Паўлу Севярынцу прапаноўвалі «хімію» па месцы жыхарства ўзамен на падпісаньне заявы з прызнаньнем сваёй віны. Зьмітру Дашкевічу перадалі харчы і цёплыя рэчы.
Сустаршыня аргкамітэту партыі БХД палітвязень Павал Севярынец адмовіўся пісаць заяву аб пераводзе на «хімію» па месцы жыхарства. Ён адбывае два гады «хіміі» у вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Паводле палітвязьня, яму абяцалі зьмяніць месца адбыцьця пакараньня, калі б ён прызнаў віну:

«Кажуць, адну паперку падпішыце — і паедзеце да хаты. Я не пагадзіўся. Тады прапанавалі павініцца хаця б на словах, перад гэтак званай радай выхавацеляў. Але я ўсё роўна не пагадзіўся. Навошта? Калі я ў КДБ не прызнаваў сябе вінаватым на допытах, чаму тут буду вініцца? Людзі і ў горшых умовах трымаюцца. Сказаў: не».

Павал Севярынец працуе на складзе аўтазапчастак ў фэрмэрскай гаспадарцы «Бардо»: прымае і выдае запчасткі, афармляе на іх дакумэнты. Працоўнае месца палітвязьня — у вялікім ангары, дзе раней знаходзіліся танкі савецкай танкавай дывізіі. «Зараз усё халадней, але праца не дае замерзнуць», — кажа Севярынец.

Па суботах ці нядзелях да вязьня прыяжджаюць госьці, зь якімі ён сустракаецца ў альтанцы перад камэндатурай: «Вось і сёньня абяцалі прыехаць мае адзінадумцы зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».

У адзіночнай камэры знаходзіцца пасьля пераводу з калёніі ў Горках ў турму ў Глыбокім лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Нявеста актывіста Наста Палажанка паведаміла, што разам з бацькам Зьмітра днямі яна перадала яму пасылку з харчамі і цёплымі рэчамі. Ці стала што вядома новага пра ўмовы, у якіх трымаюць палітвязьня?

Наста Палажанка: «Дакладна пра ўмовы ён нічога ня піша, і нам нічога высьветліць не ўдалося. Але галоўнае, што ён ня скардзіцца, гэта крыху супакойвае».

У наступным месяцы бацька Зьмітра плянуе сустрэцца зь ім у турме — яму мусяць даць кароткае і доўгае спатканьні. Наста Палажанка кажа, што спатканьні яны разьмяжуюць па часе, каб было больш карысна Зьмітру.

Болей навін