Малако

22.10.2011, 16:38  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Мы ўсмоктваем беларушчыну з малаком маці. Беларусь – тое ж малако: такая ж белая, такая ж родная, і гэтак жа жывіць ад нараджэньня.

 

Малако – квінтэсэнцыя нацыянальнага смаку. Яго густая саланавата-салодкая ласка адчуваецца ў паху самое зямлі, у каўтках вясковага паветра, у словах беларускае мовы. Нават калі выпадаюць малочныя зубы, калі абсыхае маміна малако, ува ўсёй Беларусі на вуснах застаецца гэты малочны прысмак, які лёгка ўзнаўляецца ў школе ды на мітынгу. Прысмак, як пацалунак найвышэйшае роднасьці: "... Палюбіце чыстае малако Слова, каб ад яго ўзрасталі вы дзеля выратаваньня." (І Пятра 2:2)

 

Беларусь – краіна малочнае беласьці, малочнае сьветласьці й малочнага слодычу.

 

Беларусь – адзін з сусьветных лідэраў па вытворчасьці малака на душу насельніцтва: каля 700 кіляграмаў. Наперадзе нас хіба што малочныя каралеўствы Новая Зэляндыя, Данія й Нідэрлянды.

 

У малацэ зьмяшчаецца ўсё неабходнае для жыцьця: лёгказасваяльныя бялкі, казеін, малочны цукар, галоўныя мікраэлемэнты, большасьць вядомых вітамінаў, гармоны й імунаглябуліны. Каровіна малако – гэта 69 кілакалёрыяў на 100 г, 87% вады, 5% лактозы, 4% тлушчу й 3% бялкоў.

 

Малако – найважнейшы нацыянальны прадукт. Калі беларусы хочуць згатаваць палепей, патлусьцей, пасмачней кашу, клёцкі, печыва – робяць на малацэ. Рэдкі беларускі райцэнтр абыходзіцца без уласнага малаказавода. Тваражок, сьмятана, вяршкі, масьліца, кефір, сырочкі й ёгурты, марозіва ды згушчонка – першаклясныя беларускія ласункі й экспартныя тавары, што карыстаюцца нязьменным попытам.

 

Таму й беларусы – народ, што называецца, кроў з малаком. Румянец здаровага ўнутранага жару на шчаках – гэта генэтычна малочнае.

 

Беларусь ускарміла грудзьмі многія народы. Малаком ад яе сэрца жывіліся мільёны чужынцаў і тысячы геніяў. І Расея, і Польшча, і Украіна, і Прыбалтыка атрымлівалі сокі жыцьця – такія патрэбныя шчырасьць і рамантызм, мяккасьць і чысьціню, сілу веры й любові – зь беларускім малаком.

 

Нават начамі, калі беларус узіраецца ў зорныя прасторы Божага сусьвету, ён бачыць у нябёсах толькі адзін шлях – Млечны. Між іншым, гэта нашая галяктыка. На грэцкай мове, зь якой мы прымалі веру, "галяктыка" таксама азначае "малочная".

Навіны па тэме