Зьміцер Шурхай дайшоў да абласнога суду

25 кастрычніка 2011 07:59  |  Палітыка

Каардынатар аргкамітэту БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай абскарджвае ў абласным судзе прысуд суду Маскоўскага раёну за брыдкаслоўе.

18 кастрычніка пасьля трэцяга разгляду адміністрацыйнай справы палітыка, Маскоўскі суд Берасьця на падставе сьведчаньняў міліцыянтаў прызнаў яго вінаватым у бруднай лаянцы. Аднак спадар Шурхай выраку не прызнае і кажа, што будзе дабівацца апраўданьня:

Шурхай: «Гэтая справа аб брыдкаслоўі — для мяне ўжо справа прынцыпу, і я гатовы прайсьці ўсе інстанцыі і дайсьці да міжнародных. Акрамя ўсяго, тут яшчэ і справа майго гонару, сумленнасьці — я вернік, таму не магу пагадзіцца з той хлусьнёй, якую супраць мяне выстаўляюць».

Палітыка затрымалі 28 чэрвеня, напярэдадні маўклівай акцыі, і зьвінавацілі ў брыдкаслоўі. 29 чэрвеня суд Маскоўскага раёну прысудзіў яму 7 сутак арышту. Пасьля адбыцьця арышту Шурхай абскардзіў прысуд у абласным судзе, які 21 ліпеня накіраваў справу на перагляд. 2 верасьня Маскоўскі суд апраўдаў палітыка, аднак начальнік Маскоўскага РАУС Ігар Жыгалаў абскардзіў рашэньне ў абласным судзе. Пасьля гэтага Маскоўскі суд Берасьця паўторна прызнаў Зьмітра Шурхая вінаватым у нецэнзурнай лаянцы.

Болей навін