Віталь Рымашэўскі: беларуская ўлада ўзяла курс на рэвалюцыю

04 лістапада 2011 09:53  |  Палітыка

Віталь Рымашэўскі лічыць, што да істотных зменаў папраўкі да закона аб масавых мерапрыемствах, якія 3 лістапада Канстытуцыйны суд РБ прызнаў законнымі, не прывядуць. Ён кажа, што не беларуская апазіцыя, а беларуская ўлада ўзяла курс на рэвалюцыю.

– Як Вы ацэньваеце рашэнне Канстытуцыйнага суда прызнаць законнымі папраўкі да закона аб масавых мерапрыемствах?
 
– Нічога іншага ад Канстытуцыйнага суда чакаць не даводзілася, бо нашы суды не з’яўляюцца незалежнымі. Яны хутчэй з’яўляюцца шырмай, усе іх рашэнні прадказальныя.
 
– Як новы закон аб масавых мерапрыемствах адаб’ецца на дзейнасці апазіцыі? Якія магчымасці застаюцца для правядзення акцый?
 
– Будзем шукаць спосабы. Як паказалі “маўклівыя акцыі пратэсту”, на правядзенне акцый не абавязкова браць дазволу. Практыка паказвае, што даецца дазвол ці не даецца – заканчэнне аднолькава – затрыманнямі, арыштамі, суткамі. Я лічу, што мерапрыемствы трэба праводзіць і нават нарошчваць інтэнсіўнасць іх правядзення. Ніякіх змяненняў гэтыя папраўкі не прынясуць, бо з’яўляюцца толькі дадатковай базай рэпрэсіўнага апарату. Толькі ад беларусаў залежыць, ці будуць папраўкі мець наступствы.
 
– Ці не лічыце Вы, што дадзеныя папраўкі як раз з’яўляюцца рэакцыяй уладаў на “маўклівыя акцыі пратэсту”?
 
– Гэта рэакцыя ўладаў не толькі на “маўклівыя акцыі”, але і на эканамічны крызіс, іншыя акцыі пратэсту. Улада абрала сілавы сцэнар развіцця падзей. Гэта значыць, не беларуская апазіцыя, а беларуская ўлада ўзяла курс на рэвалюцыю, бо чым мацней рэпрэсіі, тым хутчэй, як відаць з гісторыі, улада будзе звергнута. Гэта немінуча прывядзе да ахвяраў для Беларусі.

Болей навін