Таісія Кабанчук: ідэйных людзей не запужаць

14 лістапада 2011 12:08  |  Палітыка

Нягледзячы на рэпрэсіўныя ўмовы, улады не здолеюць запужаць ідэйных людзей. Такое меркаванне выказала Магілёўская абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Таісія Кабанчук.

 

“Вельмі складана працаваць у сённяшніх рэпрэсіўных умовах. За сваю палітычную ці грамадскую актыўнасць людзі застаюцца без працы, ім пагражаюць не працягнуць кантракты. Разам з тым да нас прыходзяць новыя людзі, а людзей, якія працягваюць дзейнічаць па ідэйных перакананнях, ужо не запужаць”, – адзначыла яна па выніках Магілёўскай абласной Рады аргкамітэту БХД, якая прайшла 12 лістапада у Магілёве.

 

У Радзе ўдзельнічалі каля 20 чалавек з Магілёва, Бабруйска, Асіповічаў, Бялынічаў і Горак. Падчас мерапрыемства былі падсамуваная вынікі ўстаноўчых сходаў, якія адбыліся на дадзены момант, прэзентаваная Рада народных дэпутатаў і кампанія за сямейныя каштоўнасці. З кіраўніцтва БХД удзел у сустрэчы бралі сустаршыня Віталь Рымашэўскі і Алесь Шамякін.

 

Па сканчэнні Магілёўскай абласной Рады адбыўся ўстаноўчы сход прадстаўнікоў БХД Магілёва, на якім былі абраныя дэлегаты на Ўстаноўчы з’езд БХД 17 снежня.

 

“Спадзяюся, што нягледзячы ні на што мы збярэм неабходную колькасць заснавальнікаў партыі”, – падкрэсліла Таісія Кабанчук.

Болей навін