Польскі суд разгледзіць права беларусаў на бел-чырвона-белы сцяг

17.11.2011, 13:43  |  Свет, Палітыка

18 лістапада ў раённым судзе Быдгошча распачнецца судовае паседжанне па справе аб знявазе беларускага нацыянальнага сцяга падчас матчу Беларусь-Літва чэмпіяната Еўропы сярод жанчынаў.

Суд будзе разглядаць апеляцыю актывіста Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігара Шчэкарэвіча на рашэнне пракуратуры ў Быдгошчы.

Паводле гэтай пракуратуры, бел-чырвона-белы сцяг "не з’яўляецца абавязковым нацыянальным сцягам Беларусі". Таму беларускія заўзятары не мелі права ўжываць яго на матчы. Адмову Шчэкарэвіча выйсці з залі польская пракуратура ацаніла як "актыўны супраціў супрацоўнікам аховы". Ужыванне сілы супраць Шчэкарэвіча пракуратура не лічыць правапарушэннем.

Нагадаем, што інцыдэнт з забаронай беларускага сцяга адбыўся сёлета 25 чэрвеня. Служба аховы стадыёну, дзе праходзіла гульня, перашкаджала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а потым бесцырымонна выдаліла беларусаў са стадыёну.

З гэтай нагоды БХД распаўсюдзіла адмысловы зварот да кіраўніцтва Польшчы, Еўрапарламенту і международнай федэрацыі баскетбола, у якім даводзіла да ведама еўрапейцаў гісторыю святога для беларусаў нацыянальнага сымбаля і прасіла не дапускаць больш здзеку з патрыятычных пачуццяў беларусаў.

Навіны па тэме

Фото юзера Тацьцяна Шамбалава
Не "ў раённым судзе Быдгошча", а БЫДГАШЧЫ.