Машыніста цеплавоза, гомельскага сябра БХД звольнілі за палітыку

21 лістапада 2011 14:15  |  Галоўныя навіны

14 лістапада з Гомельскага вагонарамонтнага заводу звольнены сябра БХД, машыніст цеплавоза Дзмітры Карашкоў. Перад гэтым яго двойчы затрымлівалі: за маўклівыя акцыі пратэсту і за 2-гі народны сход, – а на сваім заводзе Карашкоў арганізаваў пратэст з патрабаваннем100-адсоткавага падвышэння заробкаў.

17 верасня Карашкова пасадзілі на 3 сутак за распаўсюд улётак з заклікам да ўдзелу ў акцыі маўклівага пратэсту. Пасля адсідкі яго выклікаў да сябе на размову намеснік дырэктара  па рэжыме Рыгор Кулік, які пагражаў машыністу праблемамі з роднымі і крымінальнай справай.

У інтэв’ю прэс-службе БХД Дзмітры распавёў: “За 7 гадоў працы машыністам цеплавозу Вагона-рамонтнага заводу ў начальства да мяне ніякіх прэтэнзіяў не было, а з лета з-за ўдзелу ў маўклівых акцыях пратэсту на працы пачаўся ціск.

Намеснік дырэктара Кулік казаў, што будзе дрэнна ўсіх маім родным. Даслоўна: “калі я не супакоюся, дык маці будзе ў слязах, бацька атрымае інфаркт”.  Таксама пагражаў тым, што могуць падкінуць патроны ці гераін у кішэню, і атрымаю я крымінальную справу. Карацей, прапанавалі падумаць, а лепш супрацоўнічаць – “стукаць” на іншых.” Я, вядома не пагадзіўся, і мне нагадалі, што ў лютым наступнага сканчаецца канктракт.

У кастрычніку з маёй ініцыятывы сярод ягоных супрацоўнікаў былі сабраныя подпісы з патрабаваннямі па падвышэнні заробку ў 2 разы і камплектацыі кадраў. Машыністаў і без таго не хапала, па штаце павінна быць 9 чалавек, а насамрэч было 7, а пасля майго звальнення ўвогуле засталося 6.”

На Народным сходе ў суботу 12 лістапада Карашкова затрымалі другі раз і склалі 2 пратаколы за ўдзел у сходах 8 кастрычніка і 12 лістапада. А ў панядзелак пасля сходу Карашкова вымусілі напісаць заяву па ўласным жаданні.

“Я асоба матэрыяльна адказная, яны сапраўды маглі прыдумаць што заўгодна і звольніць мяне па артыкуле, альбо распачаць крымінальную справу. Таму прыйшлося пісаць заяву. Пакуль шукаю працу, але к$алі верыць намесніку па рэжыме, на нармальную працу, тым больш па спецыяльнасці, я ўжо  не змагу ўладкавацца”, – з сумам зазначыў Дзьмітрый Карашкоў.

Болей навін