Запрашаем на паказ фільма пра Ежы Папялушку на сустрэчы БХД

23 лістапада 2011 16:39  |  БХД

24 лістапада адбудзецца паказ малавядомага беларусам польскага дакументальнага фільма “Гатовы на ўсё” (2002) пра ксянза Ежы Папялушку, капелана польскай “Салідарнасці”. Паказ пройдзе ў межах традыцыйнай чацвярговай сустрэчы менскага аргкамітэту БХД.Паказ фільма і сустрэча пройдуць па адрасе Кульман, 4, на сядзібе прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці. Пачатак у 18-30.

На сходзе менскага БХД будуць разгледжаныя пытанні 4-га рэгістрацыйнага з’езду БХД і бягучых кампаніяў БХД “Рада народных дэпутатаў” і “За сямейныя каштоўнасці”. Кантактны тэлефон: +375295633107 (Марына).

Фільм “Гатовы на ўсё”, зняты польскай тэлевізіяй у 2002 годзе, распавядае пра каталіцкага святара, капелана працоўных Ежы Папялушку, звязанага з незалежным прафсаюзам «Салідарнасць», які быў забіты агентамі Службы Бяспекі (СБ) і беатыфікаваны ў чэрвені 2010 года. Фільм будзе паказаны на польскай мове з перакладам і каментарамі каталіцкай дзяячкі Юлі Фраловай.

Нарадзіўся Ежы Папялушка ў 1947 годзе ў Акопах у гміне Сухаволя, скончыў духоўную семінарыю ў Варшаве. У 1972 годзе быў высвечаны ў святары кардыналам Стэфанам Вышынскiм. У час забастовак у 1980 годзе займаўся пастырскай дзейнасцю сярод працаўнікоў Варшавы.

Папялушка лічыўся адным з духоўных пастыраў арганізацыі «Салiдарнасць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захавання ідэалаў «Салідарнасці». 19 кастрычніка 1984 году ксёндз Папялушка быў выкрадзены агентамі СБ, жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле.
Яго магіла знаходзіцца ля касцёла св. Станіслава Косткі ў варшаўскім раёне Жалібож.

Працэс бэатыфікацыі ксяндза Папялушкі афіцыйна распачаўся 8 лютага 1997 году. 19 снежня 2009 году быў абвешчаны дэкрэт рымскага папы Бэнедыкта XVI пра яго пакутніцтва. Бэатыфікацыя адбылася 6 чэрвеня 2010 году ў Варшаве.

Болей навін